Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Кастрычнік 2018 16:11

Унікальны фестываль навукі «Фізіка вакол нас» пройдзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў трэці раз

10469 1Мерапрыемства збярэ юных фізікаў у ГрДУ імя Янкі Купалы 10 лістапада.

Удзельнікаў пазнаёмяць з найноўшымі распрацоўкамі ў галіне фізікі, інфарматыкі, электронікі і робататэхнікі ў рамках займальных дэманстрацый і майстар-класаў ад навукоўцаў і студэнтаў універсітэта, а таксама партнёраў фестывалю.

Рабятам прапануюць прыняць удзел у крыя-шоу з вадкім азотам, займальных аптычных эксперыментах і дэманстрацыях, эксперыментах з лазерамі і электрычнымі разрадамі. Навучэнцы даведаюцца аб 3D-друкарках і сканарах з інтэрактыўнай дэманстрацыяй, што такое віртуальная (VR) і дапоўненая (AR) рэальнасць, змогуць стварыць аб'ёмную постаць героя, памаляваць 3D-ручкамі, прадэманстраваць свае веды ў навуковым квэсце, а таксама наведаць суперкамп'ютэрны цэнтр ГрДУ імя Янкі Купалы і лабараторыю малекулярнай спектраскапіі і оптыкі нанаструктур.

У праграме фестывалю прадугледжаны круглы стол «SOFT + HARD = PHYSICS!» для старшакласнікаў, а таксама навучэнцаў каледжаў, прысвечаны інфармацыйным тэхналогіям, іх непарыўнай сувязі з фізікай і перспектывай атрымання адукацыі і працаўладкавання ў IT-індустрыі. Удзельнікі ў свабодным фармаце абмяркуюць перспектывы IT-індустрыі, высокія тэхналогіі і магчымасці працаўладкавання маладых спецыялістаў. Таксама для дзяцей будзе прадстаўлена новая спецыяльнасць фізіка-тэхнічнага факультэта «Камп'ютарная фізіка» з кваліфікацыяй выпускніка «Фізік. Праграміст».

Варта адзначыць, што два першыя фестывалі сабралі больш за 1500 удзельнікаў і атрымалі захопленыя водгукі наведвальнікаў і прэсы.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Адукацыйны цэнтр Гродзенскага філіяла Парку высокіх тэхналогій, РУП «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Технолаб» (у статусе навукова-тэхналагічнага парку), Адукацыйны цэнтр «Стэмлаб», Адукацыйны цэнтр «Разумны Мінск» .

Мерапрыемства адбудзецца ў галоўным корпусе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па адрасе: г. Гродна, вул. Ажэшка, 22. Вочная рэгістрацыя ўдзельнікаў будзе праходзіць у 218 аўдыторыі з 10:00 да 11:00. Пры рэгістрацыі для кожнага ўдзельніка (групы ўдзельнікаў) складуць індывідуальную праграму наведвання мерапрыемстваў фестывалю.

Прыняць удзел у фестывалі можна бясплатна. Для гэтага неабходна прайсці электронную рэгістрацыю і запоўніць форму ўдзельніка па спасылцы на галоўнай старонцы сайта.

Рэгістрацыя будзе адкрыта 1 лістапада 2018 года.

З праграмай мерапрыемства можна азнаёміцца  ў дадатку.

Больш падрабязна аб правядзенні папярэдніх фестываляў – па спасылцы.

 

10469 2