Вучоная ступень: доктар тэхнічных навук
Вучонае званне: прафесар, акадэмік НАН Беларусі
Пасада на момант прысваення звання: рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Пратакол пасяджэння Савета ўніверсітэта: №3 ад 26.03.2012
Кароткая біяграфія: Матэматык, буйны спецыяліст у галіне інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій, апрацоўкі малюнкаў і распазнавання вобразаў, доктар тэхнічных навук (1990), прафесар (1992), член-карэспандэнт (2004), а з 2009 года акадэмік Акадэміі навук Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2003), Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2017). Нарадзіўся 24 верасня 1956 г. У 1978 годзе скончыў БДУ па спецыяльнасці “Матэматыка”. З 1978 года да кастрычніка 2008 года працаваў у Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі. У 1984 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1990 годзе – доктарскую дысертацыю. У 1992 годзе яму прысвоена вучонае званне прафесара. У 2004 годзе абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. У 2004 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны членам Прэзідыума НАН Беларусі. З 13 студзеня 2005 г. прызначаны акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі (па сумяшчальніцтве). На працягу многіх гадоў працуе прафесарам кафедры матэматычнага забеспячэння АСК факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ (па сумяшчальніцтве). 31 кастрычніка 2008 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 593 прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якім з'яўляўся па 28 верасня 2017 г. 5 чэрвеня 2009 г. абраны акадэмікам на агульным сходзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Апублікаваў больш за 650 навуковых прац, у тым ліку 25 кніг. Пад яго pэдакцыяй выйшлі ў свет больш за 40 збоpнікаў прац. Кнігі С. У. Абламейка выдадзены ў ЗША, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Польшчы і іншых краінах. Сяргей Уладзіміравіч быў старшынёй і сустаршынёй больш за 50 міжнародных канферэнцый, якія праходзілі ў Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, Беларусі, і членам праграмных камітэтаў больш за 150 такіх форумаў. З'яўляўся галоўным рэдактарам часопісаў: «Весці НАН Беларусі. Серыя фізіка-матэматычных наук», «Веснік БДУ», «Інфарматыка», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вышэйшая школа», членам рэдкалегіі шматлікіх міжнародных часопісаў, якія выдаюцца ў Еўропе, ЗША і Расіі. З'яўляецца акадэмікам (сапраўдным членам) Еўрапейскай акадэміі, расійскіх акадэмій касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага і натуральных навук, Еўрапейскай акадэміі эканомікі і кіравання, Беларускай інжынернай акадэміі, Міжнароднай акадэміі навук інфармацыйных працэсаў і тэхналогій, іспанскіх каралеўскіх акадэмій дактароў, а таксама эканомікі і фінансаў , шэрагу іншых акадэмій. Член Прэзідыўмаў НАН Беларусі, Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Старшыня савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ. Віцэ-прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў (з 2015 года). Член Камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Беларусі, Савета па інфарматызацыі пры Прэзідэнце краіны і шэрагу іншых навуковых саветаў. У 1998 годзе за вялікі ўнёсак у развіццё тэорыі апрацоўкі малюнкаў Абламейка С.У. першым з навукоўцаў краін СНД і Усходняй Еўропы абраны галоўным членам Міжнароднай асацыяцыі па распазнаванні вобразаў (IAPR). С.У. Абламейка з'яўляецца намеснікам старшыні Нацыянальнага савета па космасе Рэспублікі Беларусь, членам Камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, членам Прэзідыума Рэспубліканскага Савета рэктараў Беларусі і шэрагу іншых навуковых саветаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2002), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), прэміі НАН Беларусі за лепшую манаграфію (1998), прэміі НАН Беларусі за цыкл работ “Медыцынскія інфармацыйныя тэхналогіі і сістэмы” (2007). У 2007 г. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны Рэспублікі Беларусь і ў 2009 г. Ордэнам Дружбы Расійскай Федэрацыі. Званне Ганаровага прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прысвоена ў 2012 годзе.