Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 12 Сакавік 2018 08:37

Калекцыі адзення студэнтак ГрДУ імя Янкі Купалы будуць прадстаўлены ў фінале Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды 2018»

8536 4У паўфінале, які прайшоў 6 сакавіка, свае калекцыі прадэманстравалі студэнткі факультэта мастацтваў і дызайну Настасся Алесіюк, Вольга Войтава і Марына Баранава. Кіраўнік праектаў - дацэнт кафедры дызайну Вольга Пянькова.

Студэнткі спецыяльнасці «Дызайн (касцюма і тканін)" распрацавалі калекцыі мадэляў адзення для ўдзелу ў фестывалі, прапанаваўшы сваё бачанне канцэпцыі развіцця сучаснага моладзевага касцюма. Студэнтка 5 курса Настасся Алесіюк стварыла мікс са спартыўнай стылістыкі і рафінаванай рамантыкі. Студэнтка 4 курса Вольга Войтава злучыла спорт і жывапіс Казіміра Малевіча, а студэнтка 2 курса Марына Баранава прадставіла на мадэлях адзення пейзажы роднай Беларусі, аўтарам якіх з'яўляецца вядомы беларускі скульптар Уладзімір Церабун.

– «Млын моды - 2018» праходзіць пад дэвізам «Рэспубліка Беларусь - краіна спорту і крэатыву». Маладыя дызайнеры ГрДУ вырашылі тэму ў злучэнні спартыўнага стылю ў сучасным касцюме і жывапісных крыніц інспірацыі. Калекцыі атрымаліся крэатыўныя і стыльныя. Складаны дэкор кажа аб паглыбленні аўтараў у кампазіцыйную структуру калекцыі, - распавяла кіраўнік праектаў Вольга Пянькова.

Па выніках тура «Увасабленне» тры праекты студэнтак ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі ў фінал фестывалю конкурсу, які адбудзецца ў маі. Усяго ў Гродзенскім рэгіёне было прадстаўлена восем калекцый.

Марына Баранава і Вольга Войтава таксама прынялі ўдзел у штогадовым фестывалі моды «GRODNO FASHION SHOW - Вясна-Лета 2018».