На Августоўскім канале з 29 па 31 мая 2015 года прайшоў турыстычны злёт студэнтаў і работнікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з мэтай папулярызацыі заняткаў турызмам, арганізацыі актыўнага адпачынку і прапаганды здаровага ладу жыцця.
У турзлёце прынялі ўдзел студэнты факультэта фізічнай культуры, факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, дзве каманды факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і дзве каманды, якія прадстаўлялі актыў ГА «БРСМ» нашай ВНУ.
Удзельнікі прайшлі шэраг спартыўных і інтэлектуальных выпрабаванняў. Спачатку кожная каманда прэзентавала сябе: студэнты прадставілі назву, дэвіз і ўдзельнікаў каманды. Потым перайшлі да спартыўныз спаборніцтваў, падчас якіх пераадольвалі турыстычную паласу перашкод, арыентаваліся ў прасторы, паказвалі свае турыстычныя навыкі і вызначалі лепшых у конкурсе «Бой пеўняў (апошні герой)».
Акрамя таго, падчас турзлёту студэнты гулялі ў дартс, шашкі, турыстычны валейбол і «Такійскае метро», сэнс якога за паўхвіліны сабраць максімальную колькасць людзей у абруч і пратрымацца разам 10 секунд.
Таксама прайшоў конкурс «Модна быць маладым!»: каманды прадстаўлялі ўласныя выпускі газет, у якіх асаблівае месца было нададзена экалагічным праблемам, турыстычнаму руху і прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Па выніках турыстычнага злёту былі вызначаны пераможцы.
Першае месца на спаборніцтвах заваявалі студэнты факультэта фізічнай культуры.
Другімі сталі прадстаўнікі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.
Трэцяе месца заняла адна з каманд факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.