У Гродне адбылося ўручэнне 18 прэміі імя Аляксандра Дубко. У гэтым годзе яе лаўрэатамі сталі 39 адораных школьнікаў, навучэнцаў каледжаў і студэнтаў, якія з'яўляюцца пераможцамі творчых конкурсаў і алімпіяд па прадметах, спартыўных спаборніцтваў і навуковых канферэнцый.
Ва ўрачыстай абстаноўцы маладых людзей вітаў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук і падкрэсліў, што прысуджэнне прэміі - гэта вялікая заслуга саміх навучэнцаў і студэнтаў, а таксама іх бацькоў і настаўнікаў, якія ўбачылі талент і дапамагалі развіваць здольнасці хлопцаў і дзяўчат. Ігар Георгіевіч выказаў упэўненасць, што ў далейшым у цяперашніх стыпендыятаў паспяхова складзецца прафесійная дзейнасць і яны праславяць не толькі сваё прозвішча, але і краіну.
У цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Уладзіміраўна Курганская і Эма Нікіфараўна Дубко, жонка Аляксандра Іосіфавіча.
Прэміі імя Аляксандра Дубко былі ўдастоены студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і навучэнцы каледжаў: студэнтка 5 курса юрыдычнага факультэта Юлія Дзядкова, студэнтка 3 курса факультэта фізічнай культуры Валянціна Мышапуд, студэнтка 5 курса факультэта мастацтваў і дызайну Наталля Шыла, навучэнка Ваўкавыскага каледжа Валерыя Еўдакімава і навучэнка тэхналагічнага каледжаАнастасія Юргель.
Даведка
Прэмія імя А. Дубко прысуджаецца адораным школьнікам, навучэнцам прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнтам гродзенскіх ВНУ за высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. За гады існавання прэміі яе лаўрэатамі сталі больш за 500 маладых гродзенцаў.