Версия для печати
Четверг, 02 сентября 2010 13:06

Адбылася сустрэча прафесарска-выкладчыцкага саставу і студэнтаў ГрДУ з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Паўлавічам Латушка

     На сустэчы са студэнтамі і выкладчыкамі ГрДУ Павел Паўлавіч Латушка прачытаў даклад на тэму “Прыярытэты развіцця сферы культуры ў Рэспубліцы Беларусь” і адказаў на пытанні аўдыторыі. Міністр закрануў важныя пытанні ідэалогіі культуры, адносін і стаўлення грамадства да культуры, захавання гістарычнай спадчыны Гродна і вобласці, расказаў пра рэстаўрацыю палаца-паркавых ансамбляў і помнікаў архітэктуры.

     Павел Паўлавіч адзначыў, што сфера культуры ў краіне – гэта дзейнасць дзесяткаў тысяч устаноў, грамадскіх аб’яднанняў, правядзенне міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных мерапрыемстваў, творчасць мастакоў, кампазітараў, выканаўцаў, рэжыссёраў, навукоўцаў і ўсяго грамадства ў цэлым.

     Міністр акрэсліў галоўныя прыярытэты і напрамкі дзяржаўнай палітыкі падтрымкі сферы культуры. Напрыклад, у краіне дзейнічаюць спецыяльныя фонды Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Павел Паўлавіч Латушка ўзгадаў галоўныя задачы Міністэрства культуры: даступнасць у атрыманні адукацыі ў сферы культуры, магчымасць грамадства рэалізаваць сябе ў сферы культуры і магчымасць наведваць установы культуры (тэатры, музеі, кіно).

     На сустрэчы прысутнічаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра, які цёпла павіншаваў педагагічны калектыў і студэнтаў з пачаткам новага навучальнага года і пажадаў моцнага здароўя, добрага настрою, нявычарпальнай энергіі, дынамічнага руху наперад, поспехаў.

     Студэнтаў і выкладчыкаў універсітэта таксама павіншавалі рэктар ГрДУ Яўгеній Аляксеевіч Роўба і прарэктар па вучэбнай і выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Святлана Уладзіміраўна Агіевец.