Кароль Андрэй Дзмітрыевіч нарадзіўся ў 1972 г. у г. Гродна, скончыў у 1995 г. інжынерны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Радыёфізіка і электроніка” з прысваеннем дадатковай спецыяльнасці “Фізіка. Выкладчык фізікі”.
З 1995 г. па 1999 г. працаваў настаўнікам у СШ № 5 г. Гродна. З 1999 г. па 2000 г. – выкладчык кафедры фізіка-матэматычных дысцыплін і эканамічнай інфарматыкі Гродзенскага філіяла інстытута сучасных ведаў. З 2000 г. – старшы выкладчык, у 2004–2008 гг. – дацэнт кафедры медыцынскай і біялагічнай фізікі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”. У 2002–2008 гг. – кіраўнік аддзела адукацыйных інфармацыйных тэхналогій і навукова-медыцынскай інфармацыі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”.
З 2008 г. па верасень 2012 г. – загадчык кафедры псіхалогіі і педагогікі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт”.
З верасня 2012 г. па люты 2013 г. – загадчык кафедры педагогікі ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.
З 1 сакавіка 2013 г. – рэктар установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.
У 2002 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю “Метад эўрыстычнага дыялогу як сродак актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў” (г. Масква, Расійская акадэмія адукацыі).
У перыяд з 2005 г. па 2009 г. выканаў і паспяхова абараніў дысертацыю “Мадэляванне сістэмы эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу” на спашуканне вучонай ступені доктара педагагічных навук (Расійская акадэмія адукацыі, г. Масква). У 2010 г. – вучоная ступень зацверджана ВАК РФ і праведзена настрыфікацыя дыплома доктара педагагічных навук ВАК Рэспублікі Беларусь.
Навуковая і педагагічная дзейнасць
Андрэй Дзмітрыевіч Кароль – доктар педагагічных навук, дацэнт, унёс істотны ўклад у тэорыю і практыку адукацыі. Ён распрацаваў і ўкараніў дыдактычную сістэму навучання, якая дазваляе пераадолець маналагічнасць існуючай адукацыі і з дапамогай дыялагічнай мадэлі забяспечыць яе пераход на якасна новы ўзровень.
У даследаваннях А.Д. Караля паказана, што дыялог можа выступаць не столькі формай ці метадам навучання, колькі метадалагічным прынцыпам і адначасова інструментам мадэлявання сістэмы эўрыстычнага навучання. Эксперыментальна даказана, што такая сістэма вядзе да прырашчэння кагнітыўных, крэатыўных, арганізацыйна-дзейнасных кампетэнтнасцяў вучняў, неабходных для іх плённай дзейнасці ў сучасным свеце.
А.Д. Кароль унёс уклад у тэорыю праектавання адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў, праграм, падручнікаў і метадычнай літаратуры, на ўзроўні формаў і метадаў навучання ў сярэдняй і вышэйшай школах. Вынікі праведзенага спашукальнікам навуковага даследавання закранаюць больш за 120 адукацыйных устаноў РБ і краін СНД, яны прайшлі апрабацыю ў вочна-дыстанцыйных мерапрыемствах эўрыстычнай накіраванасці, у якіх прынялі ўдзел больш за 30 000 навучэнцаў і педагогаў, атрымалі шырокае прызнанне міжнароднай навуковай грамадскасці.
А.Д. Кароль – аўтар і вядучы больш за дваццаць дыстанцыйных курсаў, навукова-практычных семінараў. У мерапрыемствах, што праводзіць Андрэй Дзмітрыевіч удзельнічаюць школьныя настаўнікі, педагогі вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку аўтары падручнікаў па інфарматыцы і матэматыцы. Неаднаразова праводзіў круглыя сталы, метадалагічныя семінары: “Тэхналогіі творчага навучання” (2006, Ольгінка), “Сэнс і мэты адукацыі” (Масква, 2007), “Педагагічны эксперымент на ўроку” (Барнаул, Алтайскі край, 2008), “Інавацыі ў школе” (Санкт-Пецярбург, 2010), “Педагагічная навука сёння: філасофска-метадалагічныя праблемы” (Масква, 2011), “Развіццё інфармацыйных і камунікатыўных кампетэнтнасцяў навучэнцаў і педагогаў школы” (Масква, 2011), “Інавацыі на ўроку: эўрыстычны дыялог” (Гродна, 2011), “Інавацыі ў адукацыі: кампетэнтнасны падыход” (Масква, 2011).
На працягу сямі гадоў з’яўляецца намеснікам старшыні аргкамітэту ўсерасійскіх конкурсаў “Дыстанцыйны настаўнік года”, “Дыстанцыйная школа года”, “Дыстанцыйная педагагічная практыка”, усерасійскіх вучнёўскіх дыстанцыйных канферэнцый (ЦДА “Эйдас”, Расійская акадэмія адукацыі, г. Масква). Аўтар больш за 3000 адкрытых заданняў для міжнародных дыстанцыйных эўрыстычных алімпіяд, распрацоўшчык дыялогавага зместу і структуры дыстанцыйных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш за 200 тысяч навучэнцаў і педагогаў. Аўтар больш за 120 публікацый, з іх: 5 манаграфій, 2 навукова-папулярныя кнігі, 15 вучэбна-метадычных дапаможнікаў (3 – на англійскай мове, у тым ліку поўны курс лекцый па медыцынскай і біялагічнай фізіцы (БДМУ, 2008)), 8 матэрыялаў дыстанцыйных курсаў для педагогаў і навучэнцаў (выдавецтва ЦДА “Эйдас”, г. Масква), 70 артыкулаў у псіхолага-педагагічных перыядычных навуковых выданнях і зборніках навуковых прац. А.Д. Кароль з’яўляецца членам рэдакцыйнай калегіі зборнікаў навуковых прац лабараторыі метадалогіі і тэорыі зместу адукацыі УРАА “Інстытут зместу і метадаў навучання” (РФ, г. Масква), выданняў навуковай школы чалавекасуабразнай адукацыі. Пастаянны аўтар аўтарытэтных навуковых часопісаў “Педагогіка”, “Пытанні філасофіі”, “Пачатковая школа”, “Школьныя тэхналогіі”, “Народная адукацыя”.
З 2010 г. чытае лекцыі ў Мінскай духоўнай акадэміі (г.п. Жыровічы).
Узнагароды
Кароль Андрэй Дзмітрыевіч узнагароджаны трыма граматамі Расійскай акадэміі адукацыі за ўклад у рэалізацыю творчага патэнцыялу навучэнцаў і педагогаў, медалём Сакрата за навуковыя даследаванні ў галіне эўрыстычнага навучання.
У 2011 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Стыпендыят Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым вучоным на 2012 г. за распрацоўку канцэпцыі дыялагізацыі сістэмы адукацыі і яе рэалізацыю ў вочнай і дыстанцыйнай формах.