Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў час рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.
Візіт Міністра адукацыі Беларусі ў Купалаўскі ўніверсітэт пачаўся з наведвання будаўнічай пляцоўкі новага інтэрната ГрДУ імя Янкі Купалы па вуліцы Дубко. Тут Ігар Карпенка пабываў у пакоях для студэнтаў, аўдыторыях для самападрыхтоўкі, буфеце і іншых памяшканнях.
Ацэньваючы гатоўнасць будаўніцтва, Міністр адзначыў, што засяліцца ў інтэрнат студэнты змогуць ужо ў канцы гэтага лета. Плануецца, што аб'ект увядуць у эксплуатацыю датэрмінова.
- Здача аб'екта запланавана на канец года. Але будаўнікі абяцаюць, што інтэрнат будзе гатова да сярэдзіны жніўня. Гэта правільна. Хацелася б засяліць студэнтаў да пачатку навучальнага года, - пракаментаваў Ігар Карпенка.
Нагадаем, што новы інтэрнат ГрДУ імя Янкі Купалы разлічаны на 1030 месцаў і з уводам у эксплуатацыю забяспечыць жыллём 85% студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта.
Наступная кропка маршруту рабочай паездкі Міністра адукацыі - Тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы. Тут Ігару Карпенка прадставілі новую вытворчасць, якая была наладжана некалькі тыдняў таму: адным з першых у Рэспубліцы Беларусь Тэхнапарк Купалаўскага ўніверсітэта пачаў выпускаць ахоўныя экраны для медыкаў, якія вырабляюцца метадам лазернай рэзкі і на 3D друкарках. Прадукцыя карыстаецца попытам. На дадзены момант прадпрыемства выконвае заказы ад арганізацый з усяго рэгіёну. Ужо рэалізавана больш за 700 ахоўных экранаў.
Акрамя таго, Міністру распавялі, што гэта не адзіная актуальная распрацоўка навукоўцаў Купалаўскага ўніверсітэта, створаная на базе Тэхнапарка. На апрабацыю медыкам перададзены раздзяляльнік для апаратаў ШВЛ, які дазволіць падлучаць да адной медыцынскай прылады адразу некалькі пацыентаў.
Таксама Ігар Карпенка пабываў на будоўлі другой чаргі Навукова-тэхналагічнага парку, агульная плошча якой больш за 6,5 тысяч квадратных метраў. У новым будынку будуць размяшчацца як офісныя, так і вытворчыя памяшканні, пляцоўкі open-space, co-working-цэнтры, вялікая канферэнц-зала, абсталяваная ўсім неабходным абсталяваннем. Памяшканні ўжо зарэзерваваны некаторымі рэзідэнтамі.
- Тое, што ўніверсітэт цяпер актыўна займаецца развіццём Тэхнапарка - вельмі важна. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з'яўляецца рэгіянальным драйверам у рэалізацыі праекта Універсітэт 3.0. Галоўная задача ўніверсітэта зараз складаецца ў тым, каб падцягнуць сюды і іншыя ВНУ, а таксама сярэднеспецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі. Акрамя таго, важна вызначыцца з перспектыўнымі напрамкамі прыкладных даследаванняў, якія могуць легчы ў аснову стварэння інавацыйных прадуктаў, прапрацоўцы кан'юнктуры рынку, маркетынгавых даследаванняў і выбудаванай лагістыцы. Менавіта такія задачы і павінны стаяць сёння перад тэхнапаркамі, - адзначыў Ігар Карпенка.
Пасля наведвання Тэхнапарка Міністр адукацыі пазнаёміўся з арганізацыяй адукацыйнага працэсу ГрДУ імя Янкі Купалы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а таксама формамі і метадамі кантролю за адукацыйным працэсам ў рэжыме онлайн. Нагадаем, да 8 мая адукацыйны працэс у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй і з мэтай забеспячэння бяспечных умоў перанесены ў віртуальную прастору.
- Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы мае ўнікальны вопыт па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Дзейнасць у гэтым напрамку паспяхова вядзецца многія гады, а на сённяшні дзень, у сувязі з такой сітуацыяй, з'яўляецца яшчэ як ніколі актуальнай. Мы стварылі ўсе ўмовы для правядзення заняткаў у рэжыме онлайн. Захаваўшы пры гэтым якасць адукацыйнага працэсу, - падкрэсліла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Акрамя таго, падчас рабочай паездкі ў Гродна Ігар Карпенка пазнаёміўся з працай шэрагу іншых навучальных устаноў горада. Гэта гарадская гімназія №10 і Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну, у майстэрнях якога наладзілі пашыў ахоўных масак. Міністр адукацыі пагутарыў з адміністрацыяй навучальных устаноў і педагогамі, адказаўшы на самыя актуальныя пытанні. Яны тычыліся арганізацыі навучальнага працэсу ва ўмовах эпідэміялагічнага становішча, якое склалася ў краіне, тэрмінаў правядзення цэнтралiзаванага тэсцiравання, уступнай кампаніі і шмат чаго іншага.