Тэма навуковага форуму - «Усход - Захад: гістарычная памяць народа».
Павітаў удзельнікаў чытанняў у рамках пленарнага пасяджэння першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў. Ён адзначыў, што IX Каложскія адкрытыя абласныя чытанні праходзяць у знамянальны год для Беларусі - 550-годдзя з'явы Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра як цэнтра духоўнага жыцця нашай краіны. Таксама яны прымеркаваны да 800-годдзя князя Аляксандра Неўскага.
- Правядзенне Каложскіх чытанняў стала сапраўды добрай традыцыяй. Тэмы чытанняў традыцыйна прысвечаны духоўна-маральнаму развiццю грамадства. І ў гэтым годзе на парадку дня канферэнцыі праблема цывілізацыйнай ідэнтычнасці: хто мы, адкуль мы, адкуль ідзем і якія гістарычныя мэты нашага развіцця. Не асэнсаваўшы гэтыя пытанні, немагчыма пабудаваць стратэгію гістарычнага развіцця і накіраваць свой вектар развіцця па стваральным шляху.
Кіраўнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы іерэй Ігар Данільчык падкрэсліў, што правядзенне чытанняў - гэта вынік плённай працы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскай епархіі.
У рамках навукова-адукацыйнага форуму сёння таксама адбудзецца круглы стол на тэму «Цывілізацыйная ідэнтычнасць беларусаў».
Працягнецца праца IX Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытанняў заўтра, 11 снежня. Запланавана работа тэматычных секцый у рэжыме онлайн на базе школ горада Гродна і Гродзенскай вобласці, для работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі пройдзе педагагічная майстэрня, а на базе Верцялішкаўскай сярэдняй школы і прыходу Храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага адбудзецца маладзёжны інтэнсіў «Не ў сіле Бог, а ў праўдзе».
Арганізатарамі IX Каложскіх адкрытых абласных навукова-адукацыйных чытанняў выступаюць галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі.