Абітурыенты з высокімі дасягненнямі па вучэбных прадметах, у творчасці або спорце могуць разлічваць на заахвочвальную даплату да стыпендыі, а таксама на іншыя перавагі пры навучанні.
Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені міжнародных алімпіяд у адпаведнасці з пералікам, зацверджаным Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах пры залічэнні на 1 курс становяцца ўдзельнікамі праграмы лаяльнасці «На вяршыні Алімпа - 50». У гэтай жа праграме ўдзельнічаюць першакурснікі - пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў і фестываляў, алімпіяд па прадметах культуры і мастацтва, пераможцы Міжнароднага чэмпіянату «WorldSkills», чэмпіянатаў «WorldSkillsBelarus», «WorldSkillsRussia», «WorldSkillsAsia». Такія абітурыенты пры паступленні ў ГрДУ імя Янкі Купалы могуць разлічваць на заахвочвальную даплату да стыпендыі ў памеры 50 працэнтаў на працягу першага семестра 2021/2022 навучальнага года, на навукова-даследчую і навукова-праектную дзейнасць пад кіраўніцтвам вядучых выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў універсітэта, а таксама на пераважнае права на навучанне на працягу аднаго (двух) семестраў у вядучых беларускіх і замежных установах вышэйшай адукацыі.
Пераможцам трэцяга (абласнога) і другога (раённага, гарадскога) этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і абласных этапаў чэмпіянату «WorldSkillsBelarus», а таксама ўладальнікам дыпломаў I, II, III ступені абласнога этапу алімпіяды па вучэбным прадмеце «Чарчэнне» сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры залічэнні ў Купалаўскі ўніверсітэт гарантуецца заахвочвальная даплата да стыпендыі ў памеры 30 працэнтаў на працягу першага семестра 2021/2022 навучальнага года пры ўмове, што яны не атрымліваюць больш высокую заахвочвальную даплату да стыпендыі па праграме лаяльнасці «На вяршыні Алімпу - 50 ».
На заахвочвальную даплату да стыпендыі ў памеры 30 працэнтаў на працягу першага семестра 2021/2022 навучальнага года ў рамках праграмы «Разам да новых вяршыняў» могуць разлічваць першакурснікі з ліку лаўрэатаў шматпрофільнай алімпіяды ГрДУ імя Янкі Купалы «Алімпіяда Купалаўскага ўніверсітэта», праведзенай у 2019/2020 і 2020/2021 навучальных гадах. Акрамя таго, ім будзе прадастаўлена пераважнае права на навучанне на працягу аднаго (двух) семестраў ў вядучых беларускіх і замежных установах вышэйшай адукацыі.
Сярод іншых мерапрыемстваў Праграмы лаяльнасці ГрДУ імя Янкі Купалы для абітурыентаў - заахвочвальная даплата да стыпендыі ў памеры 20 працэнтаў на працягу першага семестра 2021/2022 навучальнага года для аднаго студэнта першага курса кожнай з педагагічных спецыяльнасцяў, які набраў па двух профільных уступных іспытах найбольшую колькасць балаў. Такім першакурснікам будзе прадастаўлена прыярытэтнае права выбару базы педагагічнай практыкі.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы чакае матываваных, здольных і адораных абітурыентаў, арыентаваных на высокі ўзровень адукацыі і з якасцямі даследчай і дзелавой актыўнасці і ініцыятыўнасці. Рэалізуй свой патэнцыял разам з Купалаўскім універсітэтам!