Бронзавы бюст выбітнага ваенначальніка, устаноўлены ў 1973 годзе ў цэнтры Гродна на высокім пастаменце (скульптар Г. Мураўцоў, архітэктар В. Аладаў), добра вядомы жыхарам горада. Не абыходзяць яго ўвагай і шматлікія турысты. Строгая скульптурная форма і франтальнае рашэнне помніка надаюць партрэту палкаводца асаблівую ўрачыстасць. Выразнасць помніка ўзмацняецца кантрастам цёмнай шурпатай паверхні бронзы і паліраванай паверхні чырвонага граніту. Памятаецца, што праходзячы міма яго ў момант завяршэння прац над падставай пастамента, я папытаў у рабочых узяць на памяць асколак гэтага чырвонага граніту. "Бяры", - з усмешкай адказалі яны мне. З таго часу прайшло ўжо амаль паўстагоддзя. Да гэтага помніка гродзенцы прызвычаіліся, а таму амаль і не задумваюцца над тым, з чым звязана ўстаноўка помніка маршалу Сакалоўскаму на гродзенскай зямлі. Наша апавяданне менавіта пра гэта.
Васіль Данілавіч Сакалоўскі - савецкі ваеначальнік, Маршал Савецкага Саюза і Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся 9 ліпеня 1897 года ў сям'і сялян-беднякоў у вёсцы Козлікі Беластоцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер - у Падляскім ваяводстве Польшчы). У 1905 годзе скончыў царкоўна-прыходскую школу і з гэтага года працаваў падоншчыкам на гарбарным заводзе ў Заблудава. Некалькі гадоў працаваў там і ўзмоцнена займаўся самаадукацыяй. У 1912 годзе з адзнакай скончыў двухкласную настаўніцкую школу, а ў 1918 годзе скончыў Невельскую настаўніцкую семінарыю. У гады Першай сусветнай вайны як семінарыст прызыву ў войска не падлягаў, але па мабілізацыі некалькі месяцаў працаваў на будаўніцтве абарончых рубяжоў у 1915 годзе.
У лютым 1918 года Васіль Сакалоўскі добраахвотнікам пайшоў на службу ў Чырвоную Армію. Пасля заканчэння Першых Маскоўскіх ваенна-інструктарскіх курсаў быў накіраваны камандзірам роты ў 2-і Уральскі полк. З чэрвеня 1918 года - начальнік штаба батальёна, а з верасня 1918 - выконваючы пасаду камандзіра палка. Удзельнік Грамадзянскай вайны на Царыцынскім, Каўказскім, Усходнім і Паўднёвым франтах у якасці памочніка і начальніка штаба дывізіі. У канцы 1921 года скончыў Ваенную акадэмію РСЧА ў ліку трох лепшых выпускнікоў. З красавіка 1922 - начальнік штаба, а з мая 1924 года - камандзір 2-й Туркестанскай стралковай дывізіі і камандуючы Ферганскай групы войскаў. Браў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях супраць басмачоў, дзе атрымаў кулявое раненне ў адным з баёў.
З 1924 года - начальнік штаба 14-й стралковай дывізіі, у 1926-1930 гадах - начальнік штаба 9-га стралковага корпуса, а з ліпеня 1930 па студзень 1935 года - камандзір 43-й стралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі. Са студзеня 1935 па люты 1941 гадоў - намеснік начальніка штаба Прыволжскай, начальнік штаба Уральскай і начальнік штаба Маскоўскай ваенных акруг. З лютага па чэрвень 1941 года В. Д. Сакалоўскі - другі намеснік начальніка Генеральнага штаба РККА па арганізацыйна-мабілізацыйных пытаннях.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з першага да апошняга дня. З чэрвеня па ліпень 1941 года - першы намеснік начальніка Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. З ліпеня па верасень 1941 года - начальнік штаба войскаў Галоўнага камандавання Заходняга напрамку. З ліпеня 1941 па студзень 1942 года - начальнік штаба Заходняга фронту. У першыя месяцы вайны штаб Заходняга фронту і Заходняга кірунку пад кіраўніцтвам В. Д. Сакалоўскага падчас Смаленскай бітвы і Маскоўскай бітвы, нягледзячы на некаторыя пралікі і памылкі ў працы, здолеў наладзіць разведку, арганізаваць інжынерныя працы на перадавых рубяжах і ў глыбіні абароны, актыўна удзельнічаў у планаванні, падрыхтоўцы і правядзенні Маскоўскай наступальнай аперацыі 1941-1942 гадоў і Ржэўска-Вяземскай аперацыі 1942 года.
Са студзеня па 31 сакавіка 1942 года - ізноў першы намеснік начальніка Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Адначасова з лютага па май 1942 года - начальнік штаба войскаў Заходняга напрамку. З мая 1942 па люты 1943 года - начальнік штаба Заходняга фронту. З лютага 1943 па красавік 1944 года - камандуючы войскамі Заходняга фронту, войскі якога ва ўзаемадзеянні з іншымі франтамі правялі Ржэўска-Вяземскую, Арлоўскую і Смаленскую аперацыі 1943 года. З красавіка 1944 па красавік 1945 года - начальнік штаба 1-га Украінскага фронту. З красавіка па чэрвені 1945 года - намеснік камандуючага войскамі 1-га Беларускага фронту. На гэтых пасадах унёс вялікі ўклад у планаванне, падрыхтоўку і правядзенне Львоўска-Сандамірскай, Вісла-Одэрскай і Берлінскай стратэгічных наступальных аперацый. 29 мая 1945 года за ўмелае кіраўніцтва баявымі дзеяннямі войск, асабістую мужнасць і адвагу В. Д. Сакалоўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Быў удзельнікам падпісання безумоўнай капітуляцыі Гітлераўскай Германіі ад савецкага боку ў маі 1945 года. Пасля вайны, з ліпеня 1945 года - першы намеснік галоўнакамандуючага, а з сакавіка 1946 года - галоўнакамандуючы Групай савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі і кіраўнік Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі, адначасова - член Кантрольнай рады ў Германіі ад СССР. З сакавіка 1949 года - 1-ы намеснік міністра Узброеных Сіл (з лютага 1950 года - ваеннага міністра) СССР.
З чэрвеня 1952 па красавік 1960 года - начальнік Генеральнага штаба - 1-й намеснік ваеннага міністра (з сакавіка 1953 года - міністра абароны) СССР. На гэтай пасадзе шырока выкарыстоўваў глыбокія ваенныя веды, вялізны баявы і практычны вопыт каманднай і штабной работы ў навучанні і выхаванні войскаў, праводзіў вялікую працу па ўдасканаленні будаўніцтва Савецкіх Узброеных Сіл і далейшаму развіццю ваеннай навукі. З вясны 1960 года - Генеральны інспектар Міністэрства абароны СССР. Памёр 10 мая 1968 года. Урна з прахам знаходзіцца ў некропалі ля Крамлёўскай сцяны на Краснай плошчы ў Маскве.
Успамінаючы аб сваім баявым таварышы, маршал А.М. Васілеўскі пісаў: «Ён паспяхова спраўляўся з абавязкамі як начальніка штаба фронта, так і камандуючага войскамі фронта. Аднак найбольш яскрава ён праявіў сябе на штабной працы - у якасці начальніка штаба фронту, а пасля вайны - начальніка Генеральнага штаба». А генерал-палкоўнік А.П. Пакроўскі - начальнік штаба 3-га Беларускага фронту ў сваёй гутарцы з пісьменнікам Канстанцінам Сіманавым адзначаў: «Што сказаць пра Сакалоўскага? Я б сказаў, што гэта быў вялікі разумнік, адукаваны камандзір з вялізным баявым досведам…».
Узнагароды маршала В.Д. Сакалоўскага: медаль "Залатая Зорка" Героя Савецкага Саюза; восем ордэнаў Леніна; ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі; тры ордэны Чырвонага Сцяга; тры ордэны Суворава I ступені; тры ордэны Кутузава I ступені (27.08.1943, 25.08.1944, 18.12.1956); ганаровая зброя з залатой выявай Дзяржаўнага герба СССР - шашка; восем медалёў. Наш выдатны зямляк быў узнагароджаны 22-я ордэнамі і медалямі замежных дзяржаў, у тым ліку - Тувы, Манголіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Югаславіі, Усходняй Германіі, Кітая, Бельгіі, Мексікі, Вялікабрытаніі Францыі і ЗША.
В.Д. Сакалоўскі быў аўтарам выдатных успамінаў аб сваім жыццёвым шляху, а таксама шэрагу ваенна-гістарычных публікацый: Вызваленне заходніх земляў Украіны. - У кн.; У баях за Львоўшчыну. Львоў, 1965; Слаўны баявы шлях. - У кн.: Ад Масквы да Берліна. М., 1966 г.; Вялікая бітва пад Масквой і яе гістарычнае значэнне. - У кн.: Бяспрыкладны подзвіг. М., 1968 г.; Аб савецкім ваенным мастацтве ў бітве пад Масквой (Да 20-годдзя бітвы пад Масквой). // Ваенна-гістарычны часопіс. - 1961. - № 11, 12. Акрамя таго, ён з'яўляўся кіраўніком аўтарскага калектыву шэрагу ваенна-тэарэтычных і ваенна-гістарычных прац, сярод якіх - «Ваенная стратэгія» (1962) і «Разгром нямецка-фашысцкіх войскаў пад Масквой» (1964) .
У памяць аб нашым земляку бюсты В. Д. Сакалоўскага ўстаноўлены ў Парку Герояў у пасёлку воінскай славы Працоўная Паўночная (у гарадской акрузе Мыцішчы Маскоўскай вобласці) і ў горадзе Гродна (на вул. Савецкай). Імем Маршала Сакалоўскага названа вуліца ў Маскве, а таксама вуліцы ў Смаленску, Маздоку, Гродне, Горлаўцы. У 1968 годзе імем Сакалоўскага было названа Новачаркаскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі, а таксама судна Міністэрства рыбнай гаспадаркі. Мемарыяльныя дошкі ўстаноўлены на доме, дзе ён жыў (Масква, Хлебны завулак, дом 26) і ў Екацярынбурзе на будынку былога штаба Уральскай ваеннай акругі. Ганаровы грамадзянін Смаленска (27 жніўня 2004 года). Будзе справядлівым прысваенне гэтага звання і В.Д. Сакалоўскаму - першаму і адзінаму Маршалу Савецкага Саюза з ліку нашых землякоў.
- Маршал Соколовский
- Советские военачальники на Мавзолее В.И. Ленина на Красной площади. Слева направо: Маршалы Советского Союза В.Д. Соколовский, К.К. Рокоссовский, Ф.И. Голиков, Адмирал Флота Советского Союза С.Г. Горшков, Маршалы Советского Союза Г.К.
- Жуков и К.С. Москаленко. 1965 г.
- Соколовский - курсант Военной академии в Москве, 1920 год
- Надгробная плита в Кремлёвской стене
- Награды Соколовского в Центральном музее Вооружённых Сил в Москве
- Марка СССР, 1977 год
- Василий Соколовский при принятии акта капитуляции Германии
- Василий Соколовский с женой и детьми
- В.Д. Соколовский (второй слева) в ходе обсуждения операции
- Акт вручения награжденным медалей "За оборону Москвы", сентябрь 1944 г.
- Похороны Маршала Советского Союза Василия Даниловича Соколовского. 13 мая 1968 года
- Памятник-бюст Маршала Советского Союза Соколовского В.Д. на пешеходной ул. Советской в центре города Гродно