У перыяд з 21 сакавіка па 9 красавіка ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і горадзе Мінску праходзяць заключныя мерапрыемствы ІІ этапа Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкай творчасці «АРТ-вакацыі – 2024». У Гродне пляцоўкай для прэзентацыі талентаў моладзі стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
У гэтым годзе фестываль прысвечаны 80-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Праз усе нумары чырвонай ніткай праходзіць дэвіз фестывалю «Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні». Тэматычныя канцэртныя праграмы і выступленні калектываў вакальна-харавога, інструментальнага, харэаграфічнага і тэатральнага жанраў былі падрыхтаваны прафесійна і з густам.
На галоўнай сцэне Купалаўскага ўніверсітэта свае нумары прэзентавалі творчыя калектывы ГрДУ імя Янкі Купалы і ГрДМУ. Як расказала начальнік аддзела культурна-масавай і забаўляльнай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Галіна Маслова, сёлета выступленні вельмі яркія, студэнты зараджаны творчасцю і дэманструюць неверагоднае майстэрства.
– Лепшыя калектывы прымуць удзел у гала-канцэрце, які збярэ ўдзельнікаў у Брэсце, маладзёжнай сталіцы Беларусі - 2024. Спадзяемся, што выступленні студэнтаў гродзенскіх універсітэтаў не пакінулі абыякавымі ні гледачоў, ні журы, - адзначыла Гліна Маслова.
У гэтым фестывальным сезоне сваё майстэрства прэзентуюць студэнты 50 устаноў вышэйшай адукацыі. Як адзначыла загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч, студэнты пасля заканчэння ўніверсітэтаў становяцца выдатнымі ўрачамі, педагогамі, інжынерамі, паспяхова рэалізуюцца ў прафесіі і пры гэтым нясуць у сваім сэрцы агонь творчасці.
– Асноўныя крытэрый ацэнкі нумароў - шчырасць і пераканаўчасць. Калі ў студэнтаў атрымалася данесці эмоцыі да гледачоў, закрануць іх душы, тады нумар удаўся. Фінал фестывалю запланаваны на пачатак траўня, з нецярпеннем будзем чакаць яго, - расказала Алена Лаўрыновіч.
Непасрэдным арганізатарам рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі «АРТ-вакацыі» выступае ўстанова адукацыі «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.