Візіт кітайскай дэлегацыі ў Купалаўскі ўніверсітэт адбыўся ў рамках наведвання прадстаўнікамі дзелавых колаў КНР г. Гродна 15 жніўня і завяршыўся падпісаннем Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Упраўленнем адукацыі горада Лохэ і УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы».
Бакі заключылі Пагадненне аб супрацоўніцтве з мэтай доўгатэрміновага развіцця ўзаемавыгадных адносін у сферы адукацыі, навукі і тэхнікі.
Як расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце Лявонцій Паўлаў, Купалаўскі ўніверсітэт праводзіць актыўную міжнародную палітыку, у тым ліку з установамі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
– На сённяшні дзень заключаны міжнародныя дагаворы з 28 універсітэтамі і каледжамі КНР. Ва ўніверсітэце навучаецца каля 140 грамадзян КНР, з якіх 80 чалавек асвойваюць праграмы магістратуры і 60 чалавек вучацца па адукацыйных праграмах бакалаўрыяту. Найбольшым попытам сярод кітайскіх грамадзян карыстаюцца спецыяльнасці педагагічнай, эканамічнай накіраванасці, спецыяльнасці фізічнай культуры. Падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Упраўленнем адукацыі горада Лохэ і нашым універсітэтам будзе садзейнічаць больш эфектыўнаму ўзаемадзеянню з установамі адукацыі горада Лохэ, – адзначыў Лявонцій Паўлаў.
Пагадненнем прадугледжваецца ўзаемадзеянне з установамі адукацыі КНР па наступных напрамках: абмен супрацоўнікамі для чытання лекцый, праходжання стажыровак, сумеснае правядзенне навуковых даследаванняў і адукацыйных праектаў, сумесная арганізацыя і правядзенне навуковых, адукацыйных і культурных мерапрыемстваў, прадастаўленне неабходнай практычнай і тэарэтычнай дапамогі па даследваных пытаннях, а таксама абмен студэнтамі для іх навучання, арганізацыя сумеснай падрыхтоўкі студэнтаў, падрыхтоўка навуковых працаўнікоў вышэйшай кваліфікацыі.