У канцы жніўня факультэт біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта наведала дэкан сумеснага факультэта Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта з УВА Рэспублікі Беларусь Адзіназода Сафаргул Атабек.
Супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі з Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта працягвае паспяхова развівацца, што знаходзіць адлюстраванне ў дзейсных сумесных даследаваннях і абмене вопытам паміж выкладчыкамі навучальных устаноў.
Сафаргул Атабек у супрацоўніцтве з навуковым кансультантам – загадчыкам кафедры сістэмнай біялогіі Алегам Созінавым, прапрацавала матэрыялы свайго дысертацыйнага даследавання ў галіне прагнозных мадэляў рэсурсных характарыстык і прасторавага размеркавання лекавых раслін Таджыкістана на фоне глабальных кліматычных змен.
У рамках візіту таксама адбылася сустрэча з дэканам факультэта біялогіі і экалогіі Вольгай Янчурэвіч. Гутарка была прысвечана навуковаму супрацоўніцтву і падрыхтоўцы сумесных адукацыйных праграм, уключаючы напрамкі «Біяхімія», «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» факультэта біялогіі і экалогіі.