Мерапрыемства з удзелам аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, палітыка-эканамічнага аглядальніка Аляксея Аўдоніна прайшло ў фармаце адкрытага дыялогу 16 кастрычніка.
Дыялогавая пляцоўка аб'яднала намеснікаў дэканаў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, прафесарска-выкладчыцкі склад, а таксама прадстаўнікоў студэнцкай супольнасці ўсіх факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта.
Адкрыў мерапрыемства прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько. У сваёй вітальнай прамове ён адзначыў важнасць гэтай сустрэчы і прадставіў галоўнага спікера, госця сустрэчы - аналітыка Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, палітыка-эканамічнага аглядальніка Аляксея Аўдоніна.
Выступленне эксперта было прысвечана тэме сучаснага фашызму.
- Тэма сучаснага фашызму ў апошні час становіцца ўсё больш актуальнай, бо яна пераклікаецца з падзеямі, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны, - генацыдам савецкага народа, карані якога носяць у першую чаргу эканамічны характар. Трэба разумець, што сучасныя палітычныя эліты вучыліся па канонах лідэраў фашысцкай Нямеччыны. Іх тэхналогіі кіравання былі паспяхова скарыстаны ў сучасных заходніх карпарацыях праз эксплуатацыю працоўных калектываў, адмыслоўцаў. Менавіта яны генеруюць геапалітычныя стратэгіі супраць суверэнных дзяржаў, - распавёў Аляксей Аўдонін.
Спікер зазначыў, што ў гэтай тэме вельмі важна разабрацца моладзі, бо будучае развіццё краіны знаходзіцца ў яе руках:
- Сёння ідзе інфармацыйная вайна за розумы маладых людзей. Таму неабходна глыбока думаць, ведаць гісторыю сваёй краіны, разбірацца ў вытоках тых ці іншых ідэй, якія спрабуюць штучна навязаць прадстаўнікі іншых дзяржаў. Памятайце, нікому, акрамя нас, наша краіна не патрэбная!
Таксама падчас сустрэчы прагучалі даклады “Генацыд беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Лагеры для ваеннапалонных на тэрыторыі Гродзеншчыны: трагедыя і памяць» прафесара кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Эдмунда Ярмусіка і «Мемарыялізацыя гістарычнай памяці аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на старонках рэгіянальнага перыядычнага друку» загадчыку спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргея Амелькі.
Акрамя таго, падчас мерапрыемства з прэзентацыяй інфармацыйна-даведачнага сайта "Карта памяці Гродзенскай вобласці" выступіў загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый навучальна-метадычнага ўпраўлення ўніверсітэта Алег Каляга.
У рамках дыялогавай пляцоўкі адбыўся паказ дакументальнага фільма "Азарычы" з цыкла "Без тэрміну даўнасці".
На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі падвялі вынікі і атрымалі адказы на пытанні.