24 і 25 кастрычніка мерапрыемства аб'яднае вучоных, вядучых спецыялістаў у галіне маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў пошуку адказаў на актуальныя пытанні сучаснасці.
Урачыста адкрыў канферэнцыю прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Купалаўскага ўніверсітэта Васіль Сянько. Ён адзначыў, што навукова-метадычная канферэнцыя "Маладзёжная палітыка і выхаванне ў сучасных умовах" праводзіцца ўпершыню, і ад імя рэктара універсітэта Ірыны Кітурка пажадаў удзельнікам канферэнцыі поспехаў і плённай работы.
- У рамках канферэнцыі будуць прадстаўлены больш за сорак дакладаў беларускіх і расійскіх экспертаў у галіне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. У планах - у нашым універсітэце зрабіць гэтую канферэнцыю традыцыйнай і даць магчымасць многім спецыялістам выказаць сваё меркаванне і прадставіць напрацоўкі ў пытаннях выхавання моладзі ў сучасных рэаліях, - расказаў Васіль Сянько.
Слова для прывітання было таксама дадзена намесніку начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі - начальніку Упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяне Сіманоўскай.
- Тэма, якая будзе паднімацца на працягу двух дзён, вельмі актуальная. У нашай краіне маладзёжнай палітыцы ўдзяляецца максімальная ўвага. На студэнцкую моладзь ускладаюцца вялікія надзеі ў развіцці нашай дзяржавы, захаванні і стварэнні ўмоў для яе бяспекі. Маладзёжная палітыка і выхаванне - непарыўныя паняцці, і, я пераканана, на пленарным і секцыйных пасяджэннях канферэнцыі прагучыць вялікая колькасць прапаноў, карысных для рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Важна знайсці тыя метады працы з моладдзю, якія дазволяць уцягнуць маладых людзей у працэсы, якія адбываюцца ў краіне, на Радзіме, - адзначыла Таццяна Сіманоўская.
Далей намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі - начальнік Упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі РБ прадставіла свой даклад на тэму "Дзяржаўная маладзёжная палітыка Рэспублікі Беларусь і яе рэалізацыя ва ўстановах вышэйшай адукацыі".
Наступным спікерам пленарнага пасяджэння стаў кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мікалай Сухоцкі з дакладам на тэму "Сацыяльны партрэт сучаснай беларускай моладзі: супярэчнасці і перспектывы". Гэтая тэма выклікала жывую цікавасць у аўдыторыі. З залы прагучалі пытанні, якія датычацца статыстычных даных па колькасці тых, хто ўступіў у БРСМ, маладзёжных субкультур і іншыя.
Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, палітыка-эканамічны аглядальнік Аляксей Аўдонін прадставіў даклад на тэму "Моладзь як мэта для атакі цэнтраў псіхалагічных аперацый калектыўнага Захаду".
На пленарным пасяджэнні выступілі госці з Расійскай Федэрацыі. У іх ліку - доктар філасофскіх навук, прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі стратэгічнага планавання і еўразійскай інтэграцыі СЗИУ РАНХіГС, прафесар вышэйшай школы міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага універсітэта Пятра Вялікага Ігар Кефелі з дакладам на тэму "Кагнітыўная вайна: гульні і таксама доктар філасофскіх навук, дацэнт, прафесар кафедры філасофіі Санкт-Пецярбургскага горнага ўніверсітэта Ірына Шастакова, якая прадставіла даклад на тэму «Лічбавізацыя грамадства: крыніца або перашкода выхавання моладзі».
Завяршылася пленарнае пасяджэнне выступленнем кандыдата культуралогіі, дацэнта, в.а. загадчыка кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый дзяржаўнай установы адукацыі "Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы" Андрэя Салікава, які расказаў аб культуратворчасці студэнцкай моладзі Беларусі ў кантэксце патрыятычнага выхавання.
Праца канферэнцыі працягнулася ў рамках секцыйных паседжанняў.
На працягу двух дзён эксперты ў галіне маладзёжнай палітыкі разгледзяць пытанні, якія датычацца сучасных рэалій і выклікаў, з якімі сутыкаецца моладзь у інфармацыйным свеце; светапоглядных асноў выхавання моладзі; сацыялагічных вымярэнняў і падыходаў да выхавання, і многія іншыя.