У Купалаўскім універсітэце штогод паспяхова рэалізуецца прафарыентацыйны праект «PROF-вакацыі», прызначаны для навучэнцаў 10-11 класаў, якія імкнуцца вызначыцца з выбарам будучай прафесіі і пазнаёміцца з універсітэцкім асяроддзем. Мерапрыемствы праходзілі з 28 кастрычніка па 1 лістапада 2024 года і сабралі больш за 660 удзельнікаў з 42 устаноў адукацыі.
У рамках праекта адбыліся майстар-класы, вэб-квесты і анлайн-квізы, экскурсіі па лакацыях і музейных экспазіцыях універсітэта, лекцыі і знаёмствы з навучальнымі лабараторыямі, а таксама індывідуальныя кансультацыі ад выкладчыкаў па спецыфіцы навучання на выбраных спецыяльнасцях.
Школьнікі з вялікім задавальненнем пагрузіліся ва ўніверсітэцкую атмасферу на час канікулаў. Такое ўзаемадзеянне дапамагае рабятам прыняць больш усвядомленае рашэнне пры выбары будучай прафесіі і месцы вучобы. У ходзе праекта юнакі і дзяўчаты атрымалі шырокае ўяўленне аб перспектыўных спецыяльнасцях універсітэта.
Важнай часткай праекта сёлета стала выязная шматпрофільная школа «Купалаўскі старт» для вучняў класаў інжынернай і педагагічнай накіраванасці школ і гімназій Ваўкавыскага раёна. У рамках работы школы навучэнцам была прадастаўлена ўнікальная магчымасць наведаць лекцыі і прайсці трэнінгі ў высокакваліфікаваных выкладчыкаў універсітэта. У практычных занятках, трэнінгах, лекцыях і майстар-класах прынялі ўдзел больш за 150 навучэнцаў.
Таксама ў рамках работы шматпрофільнай школы быў праведзены семінар для педагогаў «Аб развіцці інжынернай адукацыі», які сабраў 19 педагогаў з Ваўкавыска і Ваўкавыскага раёна.