У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працягваецца актыўная прафарыентацыйная работа. Важна дапамагчы школьнікам зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі. І студэнты, і выкладчыкі актыўна падключаюцца да гэтай значнай справы.
Напрыклад, студэнты факультэта мастацтваў і дызайну правялі прафарыентацыйную работу падчас студэнцкіх канікулаў у сябе дома. Так, у гімназіі №1 імя Д.І. Ваўковіча ў Мастах адбылася сустрэча з навучэнцамі 10-11 класаў. Перад абітурыентамі выступіла Вікторыя Мармыш, студэнтка 1 курса спецыяльнасці "Мастацкая адукацыя", якая расказала пра ўніверсітэт і сваю спецыяльнасць. А ў Пяскоўскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза У.І. Яранько Вікторыя Мармыш выступіла ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта "ШАГ" і сустрэлася з навучэнцамі 8-11 класаў.
Дарэчы, Ваўкавыскі каледж правёў серыю сустрэч у рамках праекту "ШАГ". Навучэнцы каледжа Ягор Якалцэвіч і Валерыя Каваленя выступілі перад навучэнцамі СШ №8 горада Ваўкавыска. Ініцыятыўная група юнакоў і дзяўчат прадставіла прэзентацыю, прысвечаную спецыяльнасцям каледжа.
Таксама ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекту «Школа Актыўнага Грамадзяніна» па тэме «Маладосць - час выбару. Куды паступаць вучыцца?» навучэнка выпускнога курса спецыяльнасці "Замежная мова" Кацярына Братчэня расказала аб спецыяльнасцях, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў каледжы, асаблівасцях паступлення, жыцця і дзейнасці каледжа.
Не менш цікавай атрымалася прафарыентацыйная сустрэча з рабятамі з СШ №4 і СШ №2 горада Ваўкавыска. Адкрыў сустрэчу прафарыентацыйны атрад "Будзь з намі!", які складаецца з навучэнцаў першага курса. Рабяты расказалі, чаму выбралі свае спецыяльнасці і Ваўкавыскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы. Былі прадстаўлены інтэрактыўныя плакаты, відэаролікі, прэзентацыі, творчыя нумары. Адказны сакратар прыёмнай камісіі Алена Бернат арганізавала інтэрактыўную гутарку з гасцямі сустрэчы, дала адказы на пытанні.
Важнай падзеяй стаў «Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі», які прайшоў у гімназіі №2 горада Ваўкавыска. Навучэнцы Ваўкавыскага каледжа выступілі перад навучэнцамі гімназіі №2, СШ №2 і СШ №3 горада Ваўкавыска. Прафарыентацыйную праграму каледжа на мерапрыемстве прадставіла выкладчык замежных моў Жанна Маржала. Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пазнаёміліся са спецыяльнасцямі і тэрмінамі навучання ў Ваўкавыскім каледжы, даведаліся пра магчымасці самаразвіцця ў творчасці, навуковай і спартыўнай дзейнасці, а таксама пра спосабы бесперапыннай адукацыі па выбранай спецыяльнасці.
Да прафарыентацыйнай работы далучыліся студэнты 3 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Максім Кухарчык і Кірыл Белаброў. Студэнты сустрэліся з навучэнцамі 9-11 класаў СШ №2 імя М.П. Масонава г. Свіслач. Дзеці прадставілі спецыяльнасці факультэта, адзначылі асаблівасці навучальнага працэсу ў ВНУ, падзяліліся сваімі студэнцкімі ўражаннямі.