Да сярэдзіны 70-х гадоў ХХ ст. склаліся аб'ектыўныя перадумовы для арганізацыі ў Гродне падрыхтоўкі спецыялістаў з універсітэцкім дыпломам. Пачалося мэтанакіраванае фарміраванне калектыву, які адпавядаў універсітэцкім патрабаванням, працягвалася развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ВНУ. Працавалі 5 факультэтаў: матэматычны, фізічны, філалагічны, гістарычны, педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Былі створаны 7 навукова-даследчых лабараторый.
У 1978 г. на базе педінстытута імя Янкі Купалы быў адкрыты Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт.
У 1978-1979 н.г. навучальны працэс ва ўніверсітэце ажыццяўлялі 236 выкладчыкаў, з іх 3 дактары навук, у тым ліку 1 прафесар, 101 кандыдат навук, у тым ліку 60 дацэнтаў і старэйшых навуковых супрацоўнікаў. Пры гістарычным факультэце было адкрыта аддзяленне правазнаўства, на базе якога з 1981 года пачаў сваю працу факультэт правазнаўства.
У пачатку 80-х гадоў ХХ ст. пошукі новых форм і метадаў працы маладога ўніверсітэта завяршыліся фарміраваннем яго структуры, якія адпавядалі галоўным напрамкам вучэбна-выхаваўчай і навуковай працы. У 1984 г. аднавіў працу факультэт біялогіі і хіміі. У 1988-1989 навучальным годзе на 7 факультэтах: філалагічным, матэматычным, фізічным, гістарычным, біялагічным, правазнаўства, педагогікі і методыкі пачатковага навучання - займаліся 2250 студэнтаў стацыянарнага навучання, 1750 - завочнага і 312 - вячэрняга. Універсітэт рыхтаваў кадры па 9 спецыяльнасцях і 16 спецыялізацыях.
13 верасня 1988 года пастановай Савета Міністраў БССР па хадайніцтве партыйнай і камсамольскай арганізацый універсітэта ГрДУ было зноў прысвоена імя Янкі Купалы.
У 1989 г. быў адкрыты факультэт фізічнага выхавання, які рыхтаваў настаўнікаў фізічнага выхавання для агульнаадукацыйных школ.
Завяршальным этапам рэфармавання структуры ГрДУ у 1980-я гады стала адкрыццё ў 1989 г. на базе філалагічнага факультэта аддзялення польскай мовы і літаратуры. Гэта было прадыктавана часам - ажыццяўленнем нацыянальнай дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі.
У 1990 г. са складу фізічнага факультэта вылучыўся самастойны інжынерны факультэт. У 1991 г. ва ўніверсітэце адкрываецца факультэт беларускай філалогіі і культуры.
У пачатку 1994 года да выканання абавязкаў рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Я.Купалы прыступіў прафесар Леанід Мікалаевіч Ківач. У першай палове 1994 г. адбылося аб'яднанне і перапрафіляванне факультэтаў: інжынерны і фізічны факультэты аб'ядналіся ў інжынерна-фізічны, аддзяленні правазнаўства і міжнародных адносін - у факультэт права і эканомікі, з філалагічнага факультэта ў самастойны факультэт вылучылася аддзяленне замежных моў. Біялагічны, гістарычны факультэты, факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання былі перайменаваны ў факультэт біялогіі і экалогіі, гісторыі і культуры, псіхалогіі і педагогікі. У 1997 г. факультэт права і эканомікі быў рэарганізаваны ў юрыдычны факультэт і факультэт эканомікі і кіравання, а факультэт замежных моў на правах аддзялення ўвайшоў у склад філалагічнага факультэта.
У верасні 1997 года рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта стаў прафесар Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. У 2001 годзе ў склад універсітэта быў уключаны Інстытут паслядыпломнай адукацыі. У перыяд з 2001 па 2006 год у склад ГрДУ ўвайшлі 4 каледжы: Тэхналагічны, Ваўкавыскі, Лідскі, Гуманітарны.
З 2005 па 2013 год рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы быў Яўген Аляксеевіч Роўба, прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук. Пад яго кіраўніцтвам ва ўніверсітэце пашырыўся пералік спецыяльнасцяў і спецыялізацый. Створаны ваенны факультэт, інжынерна-будаўнічы факультэт, факультэт турызму і сэрвісу, факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання. Сістэма менеджменту якасці ўніверсітэта атрымала нацыянальны і міжнародны сертыфікаты адпаведнасці патрабаванням ISO 9001 і ISO 9001: 2008.
1 сакавіка 2013 года рэктарам універсітэта прызначаны Андрэй Дзмітрыевіч Кароль, дацэнт, доктар педагагічных навук. У гэтым жа годзе сваю працу пачаў факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму, які стаў пераемнікам традыцый факультэта гісторыі і сацыялогіі і факультэта турызму і сэрвісу, а таксама кафедры журналістыкі і кафедры лінгвістычнага забеспячэння міжкультурных камунікацый. Таксама ў 2013 годзе аднавіў сваю працу факультэт давузаўскай падрыхтоўкі.
У 2014 годзе распрацавана і ўкаранёна інтэграваная сістэма індывідуальных і кафедральных рэйтынгаў. Універсітэт паспяхова прайшоў дзяржаўную акрэдытацыю на адпаведнасць тыпу класічнага ўніверсітэта, пацвердзіўшы свой статус. У сакавіку 2016 года Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы стаў сузаснавальнікам першага ў Беларусі Інавацыйнага медыйнага кластара, праца якога накіравана на інавацыйнае развіццё канкурэнтаздольнай інфармацыйнай прасторы Гродзенскай вобласці дзякуючы эфектыўнаму ўзаемадзеянню органаў дзяржаўнага кіравання, універсітэта як цэнтра адукацыі і навукі, рэдакцый друкаваных і электронных СМІ.
У 2016 годзе ГрДУ імя Янкі Купалы пацвердзіў званне лаўрэата Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Адпаведнае рашэнне Камісіі па прысуджэнню Прэміі зацверджана пастановай № 293 ад 8 красавіка 2016 года.
7 снежня 2017 года на пасаду рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прызначана Ірына Фёдараўна Кітурка, дацэнт, кандыдат гістарычных навук.
Структура ўніверсітэта ўключае 15 факультэтаў, 65 кафедраў, 4 каледжы, Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, РУП «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», Цэнтр трансферу тэхналогій, навукова-даследчыя лабараторыі і рэсурсныя цэнтры. Матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэта складаюць 37 будынкаў і 3 збудаванні, 15 вучэбных карпусоў, 5 інтэрнатаў, стадыён, 4 тэнісныя корты, 2 малыя футбольныя палі, 6 трэнажорных залаў, навуковая бібліятэка з 9 філіяламі і 5 чытальнымі заламі, 47 камп'ютарных класаў. Агульная колькасць людзей, якія працуюць у ГрДУ ім. Я. Купалы, складае 2048 чал., з іх прафесарска-выкладчыцкі склад 726, у тым ліку 45 дактароў навук, прафесараў і 291 кандыдат навук.