У адпаведнасці з Пастановай № 209 Савета Народных Камісараў БССР "Аб мерапрыемствах па арганізацыі народнай адукацыі ў заходніх абласцях Беларусі» ад 22 лютага 1940 г. быў утвораны Гродзенскі настаўніцкі інстытут. На двух аддзяленнях - беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры і фізіка-матэматычным - рыхтавалі настаўнікаў 5-7 класаў для сярэдняй і няпоўнай сярэдняй школы. Першым дырэктарам інстытута быў Самуіл Якаўлевіч Раскін, спецыяліст па тэорыі і методыцы выкладання хіміі. Прафесарска-выкладчыцкі склад налічваў 7 чалавек. На першы курс было прынята крыху больш за 100 студэнтаў. Заняткі ў інстытуце пачаліся 7 сакавіка 1940 г. Пад навучальны корпус інстытута гарадскія ўлады перадалі трохпавярховы будынак на вуліцы Э. Ажэшкі, 22.
Праіснаваў Гродзенскі настаўніцкі інстытут нядоўга. Нямецка-фашысцкія захопнікі, якія акупіравалі горад на наступны дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, знішчылі абсталяванне і навучальныя кабінеты, у памяшканні інстытута арганізавалі шпіталь. 15-тысячны фонд бібліятэкі быў спалены. Многія выкладчыкі і студэнты ваявалі на фронце, удзельнічалі ў партызанскім руху. Уладзімір Васільевіч Хомчык - адзіны студэнт Гродзенскага настаўніцкага інстытута, які вярнуўся ў сваю ВНУ ў 1944 г. Уладзімір Васільевіч скончыў педагагічны інстытут у 1948 годзе і прыступіў да працы настаўнікам у базавай школе пад Бераставіцай.
Пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944-га пачалася падрыхтоўка да адкрыцця педінстытута. На аснове распараджэння Савета Народных Камісараў СССР ад 20 кастрычнiка 1944 г. Гродзенскі настаўніцкі інстытут быў ператвораны ў педагагічны. Дырэктарам інстытута быў прызначаны Мікалай Васільевіч Уласавец.
Педагагічны інстытут у 1944 г. меў тры факультэты - фізіка-матэматычны, літаратурны і замежных моў. На першых двух былі арганізаваны завочныя аддзяленні.
Падрабязней