Бакі плануюць рэалізоўваць сумесныя праекты ў галіне інклюзіўнай адукацыі.
Гэтыя і іншыя кірункі далейшага супрацоўніцтва ў час сустрэчы абмеркавалі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль і рэктар Натуральна-гуманітарнага ўніверсітэта ў г. Седльцэ, доктар хабілітаваны, прафесар Тамара Захарук.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы супрацоўнічаюць каля 10 гадоў. Штогод прадстаўнікі купалаўскага ўніверсітэта ўдзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях, навуковых семінарах і праводзяць сумесныя з навукоўцамі польскага ўніверсітэта навуковыя даследаванні ў сферы педагогікі і філалогіі.
Новым этапам ўзаемадзеяння дзвюх вышэйшых навучальных устаноў стала перападпісанне дамовы аб супрацоўніцтве. Дакумент прадугледжвае ўзаемадзеянне ў навуковай сферы, правядзенне сумесных даследаванняў у галіне інклюзіўнай адукацыі, сумесныя стажыроўкі, пашырэнне акадэмічных абменаў студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі. Так, госці выказалі надзею на тое, што прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы прымуць удзел у штогадовым Кангрэсе па інклюзіўнай адукацыі, які пройдзе ў красавіку ў г. Седльцэ. У сваю чаргу кіраўніцтва купалаўскага ўніверсітэта прапанавала студэнтам Натуральна-гуманітарнага ўніверсітэта стаць удзельнікамі Летняй школы рускай мовы, якая заваявала папулярнасць сярод замежнікаў.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Кароль адзначыў, што дамова з'яўляецца магчымасцю паглыбіць і пашырыць намеры і магчымасці акадэмічных абменаў і стажыровак прафесарска-выкладчыцкага складу. Асабліва бакі зацікаўлены ў фарміраванні заявак у рамках праграмы Erasmus+, а таксама распрацоўцы трансгранічнага праекта па інклюзіўнай адукацыі.