Тэматычны семінар прайшоў на базе навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і сабраў супрацоўнікаў бібліятэк сеткі Універсітэтаў Памежжа.
Сярод іх дырэктар бібліятэкі Цярнопальскага нацыянальнага эканамічнага ўніверсітэта Казімір Возьны, вучоны сакратар навуковай бібліятэкі імя Ежы Гедройца Універсітэта ў Беластоку Ганна Касцюх, загадчык кафедры дзяржаўнага і муніцыпальнага права Смаленскага філіяла Расійскай Акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Алена Лаўрова, загадчык бібліятэкай Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Лілія Гарбунова, а таксама супрацоўнікі навуковай бібліятэкі купалаўскага ўніверсітэта.
– Удзельнікі прэзентавалі бібліятэкі сваіх універсітэтаў і дасягненні за апошнія гады, падзяліліся вопытам павышэння месца ўніверсітэта ў сусветных рэйтынгах, абмеркавалі асаблівасці напаўнення профіляў універсітэта і вучоных у Google Scholar. Таксама абмяркоўвалася пытанне ўзаемнага абмену інфармацыйнымі рэсурсамі паміж бібліятэкамі Сеткі Універсітэтаў Памежжа, - растлумачыў дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько.