Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і назапашаны вопыт правядзення міжнародных навуковых стажыровак выкладчыкаў і магістрантаў з Казахстана і Літвы дазволіў кіраўніцтву факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага ўніверсітэта прапанаваць польскім калегам з Універсітэта ў Беластоку інавацыйны падыход да арганізацыі навуковай стажыроўкі на кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу.
Прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання ўніверсітэта-партнёра прафесар Уршула Галашэўская-Качан і асістэнты Ганна Буслоўская, Агнешка Заўлеўска-Бачэнка і Ганна Гжэсь праходзяць стажыроўку ў вочнай-дыстанцыйнай форме.
На вочным этапе польскія калегі вывучылі назапашаны вопыт навуковай і метадычнай дзейнасці факультэта эканомікі і кіравання купалаўскага ўніверсітэта, абмеркавалі пытанні міжнароднага супрацоўніцтва па падрыхтоўцы сумесных праектных заявак, вызначылі перспектывы сумесных навуковых даследаванняў, абмяняліся вопытам па прымяненню інавацыйных адукацыйных тэхналогій у навучальным працэсе.
Калегі з Польшчы сустрэліся з начальнікам вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марынай Калацэй і дэканам факультэта Марынай Карпіцкай. У ходзе перагавораў бакі абмеркавалі пытанні, якія тычацца магчымасці пашырэння акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, праходжання навуковых стажыровак магістрантамі і выкладчыкамі Універсітэта ў Беластоку. Таксама гасцям прадставілі досвед працы Каардынацыйнага Савета факультэта эканомікі і кіравання ў галіне практыка-арыентаванага навучання студэнтаў.
Наступны этап стажыроўкі пройдзе ў завочным фармаце. Плануецца арганізаваць вебінары і круглыя сталы, пачаць збор і аналіз дадзеных для падрыхтоўкі сумесных публікацый, правесці навуковыя кансультацыі прафесараў факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы. Завершыцца стажыроўка сустрэчамі і круглымі сталамі, дзе калегі абмяркуюць вынікі працы і прадставяць сумесныя публікацыі ва ўніверсітэцкія выданні.
На факультэце адзначаюць, што падобны вопыт арганізацыі міжнародных стажыровак збіраюцца распаўсюдзіць сярод іншых універсітэтаў-партнёраў.
З усімі навінамі факультэта эканомікі і кіравання можна азнаёміцца тут.