Выпрабаванні стартуюць 18 студзеня, на другім этапе рэпетыцыйнага тэсціравання будучыя абітурыенты змогуць праверыць свае веды і пазнаёміцца са зменамі ў бланку адказаў.
У сярэдзіне снежня мінулага года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь былі зацверджаны Спецыфікацыі тэстаў па вучэбных прадметах для правядзення ЦТ у 2021 годзе, у адпаведнасці з якімі з другога этапу рэпетыцыйнага тэсціравання ўносяцца некаторыя змены. Як распавяла начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Валюк, змянілася колькасць заданняў.
- Па некаторых прадметах яно зменшылася ў частцы А і павялічылася ў частцы В. Больш падрабязна азнаёміцца з парадкам запаўнення бланка адказаў змогуць удзельнікі другога этапу рэпетыцыйнага тэсціравання, - адзначыла Аксана Валюк.
Зараз працягваецца рэгістрацыя на другі этап РТ ў рэжыме онлайн на сайце РІКВ. Для гэтага неабходна ўвайсці ў асабісты кабінет, выбраць прадметы, пункты тэсціравання, а таксама дату выпрабаванняў, затым аплаціць удзел у тэсціраванні ў сістэме АРІП на працягу 24 гадзін і раздрукаваць пропуск. Праверыць свае веды на другім этапе РТ будучыя абітурыенты змогуць у пунктах тэсціравання, размешчаных як у Гродна, так і ў раённых цэнтрах. Выпрабаванні будуць праходзіць з 18 студзеня па 21 лютага. Графік правядзення другога этапу рэпетыцыйнага тэсціравання можна знайсці на сайце факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Правядзенне трэцяга этапу рэпетыцыйнага тэсціравання запланавана на сакавік-красавік 2021 года.