У Беларусі гэта свята адзначаецца з 2000 года. У 2021 яго дэвіз гучыць так: «Стандарты для дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця».
Сусветны дзень стандартаў (World Standards Day) адзначаецца 14 кастрычніка, у гэты ж дзень адбылася канферэнцыя «The Standards Accelerator», у якой прыняла ўдзел прафесар кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Людміла Рычкова. Яна ўжо на працягу больш за 10 гадоў удзельнічае ў распрацоўцы стандартаў ІСО па пытаннях тэрміналогіі і перакладазнаўства ў якасці афіцыйна намінаванага эксперта ад Рэспублікі Беларусь для працы ў тэхнічным камітэце 37 «Мова і тэрміналогія».
Канферэнцыя была ініцыяваная трыма вядучымі арганізацыямі, якія курыруюць распрацоўку сусветных стандартаў. Міжнароднай электратэхнічнай камісіяй, Міжнароднай арганізацыяй стандартызацыі і Міжнародным саюзам электрасувязі.
Асноўная мэта канферэнцыі - паказаць, як стандарты могуць садзейнічаць дасягненню мэтаў устойлівага развіцця. На канферэнцыі выступілі Філіп Метцгер, Генеральны сакратар і генеральны дырэктар МЭК, Сэржыё Муджыка, Генеральны сакратар ІСО, Чаэсуб Лі з Бюро стандартызацыі электрасувязі.
Удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што стандартызацыя - важны аспект жыцця любога грамадства, а веданне сусветных стандартаў і іх выкарыстанне пры распрацоўцы зместу выкладаемых дысцыплін - неад'емная ўмова забеспячэння якаснай вышэйшай адукацыі.