6 лістапада прадстаўнікі юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы наведалі VI Міжнародны маладзёжны форум "Антыкантрафакт-М", прысвечаны пытанням абароны рынку EAЭС ад кантрафактнай прадукцыі. Мерапрыемства адбылося на пляцоўцы Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі і аб'яднала больш за 200 удзельнікаў з Расіі, Беларусі, Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, Узбекістана, Туркменістана, Кітая, Індыі і Гвінеі.
Купалаўскі ўніверсітэт на канферэнцыі прадставілі студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Мытная справа» Анжаліка Фефілацьева і студэнт 2 курса спецыяльнасці «Правазнаўства» Данііл Філіпчык, у якасці экспертаў выступілі загадчык кафедры міжнароднага права Лілія Абрамчык і дацэнт кафедры крымінальнага права, крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Марыя Жук.
У рамках форуму "Антыкантрафакт-М" маладыя спецыялісты абмеркавалі пытанні выкарыстання лічбавых тэхналогій у сферы фінансавага рэгулявання, абароны аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, маркіроўкі тавараў, вядзення знешнеэканамічнай дзейнасці ў новых рэаліях, а таксама метады навучання і павышэння прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістаў у галіне процідзеяння незаконнаму абароту прадукцыі.
Акрамя таго, кожны ўдзельнік меў магчымасць выказаць сваю актыўную пазіцыю ў дачыненні да кантрафакту, няякаснай прадукцыі, пірацтва, аховы і абароны інтэлектуальнай уласнасці падчас дзелавой гульні "Моладзь супраць кантрафакту".
Арганізатарам форуму выступіла Міжнародная асацыяцыя арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць па супрацьдзеянні незаконнаму абароту кантрафактнай прадукцыі "Антыкантрафакт".