Форум аб'яднае навукоўцаў з дзевяці краін. Мерапрыемства, арганізаванае кафедрай рускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы сумесна з кафедрай тэорыі, гісторыі і методыкі выкладання рускай мовы і літаратуры Варонежскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, адбудзецца 2-4 мая 2018 г.
У канферэнцыі прымуць удзел вучоныя з Беларусі, Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург, Варонеж, Каломна, Екацерынбург, Іжэўск, Самара, Бранск, Уфа), Польшчы (Варшава, Беласток, Познань), Украіны (Кіеў, Данецк), Ізраіля, Францыі , ЗША, Грузіі, Румыніі. Разам з літаратуразнаўцамі ў круглым стале, прысвечаным Высоцкаму, удзельнікамі стануць аматары яго творчасці.
Як паведаміла загадчык кафедры рускай філалогіі Таццяна Аўтуховіч, тэма канферэнцыі «Уладзімір Высоцкі - паэт, акцёр, спявак, кампазітар» дае магчымасць прадставіць шматстайную і яркую спадчыну Высоцкага ў яго цэласнасці, вызначыць яго месца ў савецкай культуры 1960-1970-х гадоў і пазначыць уплыў на сучасную сацыякультурную прастору.
«У якасці месца правядзення канферэнцыі горад Гродна абраны не выпадкова: тут праходзілі здымкі фільма «Я родам з дзяцінства» (1966 г., рэж. В. Тураў), у якім Высоцкі сыграў адну з галоўных роляў і ў якім гучалі яго песні. З Беларуссю Высоцкага многае звязвае: тут ён здымаўся ў кіно, тут у яго было шмат сяброў, ён любіў нашу краіну і шмат разоў бываў», - адзначыла Таццяна Аўтуховіч.
У праграме канферэнцыі прагляд фільма пра Высоцкага, прэзентацыя зборніка перакладаў яго вершаў на беларускую мову, а таксама канцэрт, з якім выступіць спявак Аляксей Нежавец. Шматстайная праграма канферэнцыі ўключае выязную экскурсію ў Наваградак, дзе Высоцкі часта бываў, а таксама тэматычную экскурсію па горадзе «Гродна - горад кіно».