Рэспубліканскі праект "Школа маладога вучонага" сабраў больш за 350 удзельнікаў з усёй краіны. Мерапрыемства сёлета праходзіць з 11 да 15 лістапада ў БНТУ. Купалаўцы прымаюць актыўны ўдзел у праекце.
Пленарнае пасяджэнне Школы маладога вучонага адкрыў Міністр адукацыі Беларусі. Андрэй Іванец падкрэсліў, што ў сферы адукацыі ўдзяляюць асаблівую ўвагу развіццю стартап-руху, а таксама рэалізацыі інавацыйных праектаў.
- Вельмі важна, каб маладыя людзі, прыходзячы ў навуку, разумелі і свае перспектывы, і будучыню краіны, у якую яны могуць унесці свой уклад. Міністэрства адукацыі ўжо з 2025 года пачне праводзіць асобныя конкурсы навукова-тэхнічных праектаў для маладых вучоных і выдзяляць гранты працягласцю 1-2 гады, каб кожны малады чалавек, які займаецца навукай у нашых універсітэтах, мог атрымаць практычную рэалізацыю сваіх ідэй і праектаў, - дадаў Міністр адукацыі.
У цяперашні час больш за 5 тысяч маладых навукоўцаў займаюцца навуковымі даследаваннямі ва ўніверсітэтах сістэмы Міністэрства адукацыі. Асноўныя напрамкі іх работ - інфармацыйныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка.
Яшчэ адзін немалаважны аспект - падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. У сувязі з гэтым увага ўдзельнікаў "Школы маладога вучонага" будзе сфакусавана таксама на тэмах выканання, афармлення і абароны дысертацый, а таксама на падрыхтоўцы кадравай змены не толькі для ВНУ сістэмы адукацыі, але і для галіновай навукі.
Арганізатарам праекта "Школа маладога вучонага" выступае Савет маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі. Асноўная мэта - павышэнне цікавасці да навукі, папулярызацыя навуковай дзейнасці і аказанне экспертнай падтрымкі маладым вучоным у арганізацыі і правядзенні навуковых даследаванняў.
Сярод слухачоў - маладыя навукоўцы вядучых ВНУ краіны, прадстаўнікі НАН Беларусі, РІВШ, ПВТ, БІСД, Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра і "Першага інфармацыйнага" тэлеканала. Удзельнікі падыскутуюць аб будучыні беларускай навукі вачыма моладзі, яе выкліках і перспектывах, а таксама ролі вучонага ў паляпшэнні рэйтынгу ўніверсітэта праз навукаметрычныя базы.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадстаўляюць студэнтка фізіка-тэхнічнага факультэта Эма Швалюк, студэнтка факультэта эканомікі і кіравання Элізабэта Вышнікава, аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Антон Доўнар.
У сваю чаргу спікеры падзеляцца інфармацыяй аб этапах абароны дысертацыі, сістэме "Антыплагіят" для забеспячэння акадэмічнай сумленнасці, інавацыйным прадпрымальніцтве, тэхналогіях штучнага інтэлекту і нейрасецях, а таксама як іх выкарыстоўваць у навуковых даследаваннях.
Нагадаем, што ўпершыню мерапрыемства "Школа маладога вучонага" адбылося ў снежні 2023 года ў БДУ. Амаль за год праект аб'яднаў сотні маладых вучоных з вядучых ВНУ нашай краіны.