Каманда ГрДУ імя Янкі Купалы заняла трэцяе месца ў спаборніцтвах па баскетболе 3 × 3, якія прайшлі Цверскім фізкультурна-аздараўленчым комплексе імя Султана Ахмерава ў рамках 2-га этапу Спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва.
Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва праходзіць у некалькі этапаў. У гэтым годзе старт мерапрыемству быў дадзены ў канцы мая ў Мінску, дзе на спартыўнай арэне сабраліся каманды школьнікаў з васьмі абласцей Беларусі і Расійскай Федэрацыі. 2-гі этап Спартакіяды Саюзнай дзяржавы - Спартакіяда студэнцкага спорту - праходзіў у г. Цвер Расійскай Федэрацыі з 22 па 26 чэрвеня. У сталіцу Верхняволжжа прыехалі каля 180 студэнтаў ва ўзросце ад 18 да 26 гадоў з розных ВНУ Рэспублікі Беларусь і Расіі - пераможцы і прызёры нацыянальных спартакіяд. У каманду Рэспублікі Беларусь увайшлі чатыры студэнткі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама студэнты іншых беларускіх ВНУ. Завяршыцца Спартакіяда-2016 у Краснадары змаганнямі сярод школьнікаў.
Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва - комплекснае спартыўнае мерапрыемства, якое праводзіцца з 2003 года і заклікана прапагандаваць здаровы лад жыцця і ўмацоўваць сяброўскія сувязі паміж школьнікамі і студэнтамі Расіі і Рэспублікі Беларусь.