Маладзёжна-забаўляльны цэнтр «Галактыка» 21 лістапада аб'яднаў у сваіх сценах удзельнікаў акцыі, якая прайшла ў межах кампаніі «Інклюзіўная Беларусь: нікога не пакінуць у баку ў дасягненні мэтаў ўстойлівага развіцця».
У ліку ўдзельнікаў валанцёры факультэта фізічнай культуры і факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Адна з мэтаў кампаніі - нагадаць людзям, што ў грамадстве ёсць і тыя, каму не столькі патрэбна дапамога, колькі разуменне і далучанасць да грамадства, што ёсць людзі з асаблівымі патрэбамі, - распавялі купалаўцы.
Падчас акцыі нашы студэнты працавалі з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагалі ў афармленні спецыялізаваных фотавыстаў, інфармацыйных стэндаў і прэзентацый.
- Па словах арганізатараў, праект «Інклюзіўная Беларусь» вырашае некалькі задач. Напрыклад, з дапамогай правядзення канцэртаў, сустрэч, гутарак, майстар-класаў і круглых сталоў паказваюцца праблемы, якія на першы погляд не бачныя, - падкрэсліваюць студэнты-валанцёры ГрДУ імя Янкі Купалы. - Такія мерапрыемствы дапамагаюць людзям, чые магчымасці абмежаваныя, заявіць пра сябе.
Варта адзначыць, што ў рамках гэтага праекта таксама стартуе маштабная інфармацыйная кампанія па тэставанні на ВІЧ-інфекцыю.