У траўні-чэрвені 2019 года Гродна прыме найбуйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні.
Чэмпіянат Еўропы па спартыўным арыентаванні сярод юніёраў - гэта прэстыжныя спаборніцтвы сусветнага рэйтынгу. За права правядзення чэмпіянату наша краіна змагалася з Партугаліяй, Францыяй, Чэхіяй і Літвой. Пасля прэзентацыі магчымых месцаў правядзення Рада Міжнароднай федэрацыі спартыўнага арыентавання прыняла рашэнне арганізаваць спаборніцтвы ў Гродне. У ліку фактараў, якія спрыяюць гэтаму рашэнню - цікавая геаграфія мясцовасці і годнае правядзенне шматлікіх этапаў па спартыўным арыентаванні сусветнага рэйтынгу з 2011 года.
Плануецца, што ўдзельнікамі чэмпіянату стануць больш за паўтысячы спартсменаў з 25-30 краін Еўропы. Спаборніцтвы будуць праходзіць у дзвюх узроставых групах - 16 і 18 гадоў сярод юнакоў і дзяўчат. Удзельнікі будуць змагацца за перамогу ў некалькіх дысцыплінах: гарадскі спрынт, класічная дыстанцыя і эстафета. Месца правядзення - гарадскія вуліцы і раён Аўгустоўскага канала.
Галоўны арганізатар чэмпіянату - гродзенскі клуб па спартыўным арыентаванні «Кронан», кіраўніком якога з'яўляецца дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Эдвард Ародзь. Эдвард Станіслававіч падкрэсліў, што студэнты і супрацоўнікі купалаўскага ўніверсітэта будуць прымаць актыўны ўдзел не толькі ў спартыўных стартах, але і ў арганізацыі мерапрыемства, выступаючы членамі судзейскай калегіі і валанцёрамі.
Спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні такога высокага ўзроўню ў Беларусі будуць праводзіцца ўпершыню.