Першая ў гэтым годзе абарона магістарскай дысертацыі на англійскай мове адбылася на факультэце біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Алнуры Алі Салман Шабіб з Ірака абараніў працу на англійскай мове па спецыяльнасці «Біялогія», студэнту будзе прысвоена ступень магістра біялагічных навук.
Тэмай працы сталі паказчыкі акісляльнага стрэсу ў крыві і мозгу пры нейродэгенератыўных захворваннях (Blood and brain oxidative stress parameters in neurodegenerative diseases).
За час навучання ў магістратуры Алі прыняў удзел у двух буйных міжнародных канферэнцыях па акісляльным стрэсе з дакладамі. Вынікі працы знайшлі адлюстраванне ў трох навуковых артыкулах.
Навуковы кіраўнік Алнуры Алі Салман Шабіб Ніна Кануннікава і загадчык кафедры біяхіміі Ілля Заводнік адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі дысертацыі, а дзяржаўная экзаменацыйная камісія ацаніла працу вышэйшай адзнакай у 10 балаў.
Як распавёў Алі, два гады праляцелі непрыкметна, яму вельмі спадабалася навучанне ва ўніверсітэце і ён плануе паступаць у аспірантуру. Выпускнік таксама адзначыў, што будзе рэкамендаваць навучанне ў магістратуры ГрДУ імя Янкі Купалы сваім сябрам з Ірака.
У гэтым годзе таксама абарона магістарскіх дысертацый на англійскай мове адбудзецца на факультэце матэматыкі і інфарматыкі па спецыяльнасці «Вылічальныя машыны і сістэмы», інжынерна-будаўнічым факультэце па спецыяльнасці «Будаўніцтва» і філалагічным факультэце па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства».