Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі вынікі праектаў, выкананых у рамках курсавых, дыпломных работ і магістарскіх дысертацый па заяўках прадпрыемстваў і арганізацый г. Гродна.
Адкрываючы мерапрыемства, удзел у якім прынялі дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў, прадстаўнікі арганізацый-заказчыкаў кадраў, першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў адзначыў інавацыйнасць і асаблівую значнасць міждысцыплінарных праектаў:
–У апошняе дзесяцігоддзе рэзка ўзрастае значэнне міждысцыплінарных і трансдысцыплінарных навуковых даследаванняў. Стала відавочна, што найбольш буйныя вынікі атрымліваюцца не ў рамках адной навукі, а на стыку навук. Наш універсітэт, з'яўляючыся буйной адукацыйнай і навуковай установай, не можа застацца ў баку ад дадзеных тэндэнцый. Вось ужо некалькі гадоў нашы студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў рыхтуюць міждысцыплінарныя праекты. Фармуюцца часовыя студэнцкія калектывы, якія ствараюць значны навуковы і адукацыйны прадукт.
У сваю чаргу прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко распавёў, што дыпломныя і курсавыя работы па прамых заяўках арганізацый-заказчыкаў кадраў студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы выконваюць у рамках канцэпцыі практыка-арыентаванай адукацыі, якую ўніверсітэт паспяхова развівае ўжо на працягу пяці гадоў. «Як паказала практыка, такая праца вельмі карысная як для спажыўцоў, так і для студэнтаў, таму мы плануем пашыраць геаграфію ўдзельнікаў гэтых праектаў. Акрамя таго, у рамках удзелу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў эксперыментальным праекце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь "Універсітэт 3.0», групавыя дыпломныя праекты будуць вельмі актуальныя», - падкрэсліў Генадзій Аляксеевіч.
Усяго ў гэтым годзе студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы было выканана 12 міждысцыплінарных праектаў па заяўках Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, ААТ «Гродна Азот», ААТ «Белаграпрамбанк» і ўстаноў сярэдняй адукацыі горада Гродна, якія закранаюць гуманітарную, тэхнічную і эканамічную сферы. Пяць праектаў былі публічна прэзентаваны ў рамках работы двух секцый.
Так, у рамках гуманітарнай секцыі былі прадстаўлены праекты інфармацыйна-адукацыйны сайт «Медыя Дом», вэб-сістэма «Віртуальная псіхадыягнастычная лабараторыя» і турыстычны маршрут «Шматэтнічная гісторыя Гродзеншчыны». Ідэя інфармацыйна-адукацыйнага сайта «Медыя Дом», над стварэннем якога працавалі прадстаўнікі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, мастацтваў і дызайну, факультэта матэматыкі і інфарматыкі заключаецца ў садзейнічанні развіццю медыяадукацыі сярод моладзі на Гродзеншчыне. Вынікам сумеснай працы стаў інфармацыйна-адукацыйны інтэрнэт-рэсурс, які прапануе новы фармат ведаў аб медыя.
Вынікам каманднай працы студэнтаў факультэтаў псіхалогіі і матэматыкі і інфарматыкі стала стварэнне вэб-сістэмы «Віртуальная псіхадыягнастычная лабараторыя», якая дазваляе дыстанцыйна праводзіць псіхадыягностыку і карэктна аналізаваць атрыманыя дадзеныя.
Праект «Шматэтнічная гісторыя Гродзеншчыны» - вынік працы прадстаўнікоў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Студэнты лічаць актуальным стварэнне запатрабаванага гісторыка-культурнага і турыстычнага прадукту - турыстычнага маршруту «Каталіцкі некропаль горада Гродна (могілкі, касцёлы)».
Вынікам тэхнічнага праекту, выкананага выпускнікамі факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання і фізіка-тэхнічнага факультэта па заяўцы ААТ «ГроднаАзот», сталі прапановы канструктарска-тэхналагічных рашэнняў для мадэрнізацыі помпы.
Студэнты факультэта біялогіі і экалогіі, эканомікі і кіравання і юрыдычнага факультэта прадставілі тэхніка-эканамічнае, тэхналагічнае і прававое забеспячэнне для арганізацыі кафэ першага класа вегетарыянскай кухні. Вынікам працы стала абгрунтаванне эканамічнай эфектыўнасці інвестыцыйнага праекта і вызначэнне найбольш аптымальнай арганізацыйна-прававой формы юрыдычнай асобы для ажыццяўлення дзейнасці кафэ вегетарыянскай кухні першага класа на 45 пасадачных месцаў.
Як адзначаюць самі студэнты, якія прынялі ўдзел у дадзеным фармаце міждысцыплінарнай навуковай і вучэбнай дзейнасці, стварэнне такіх праектаў вучыць працаваць у камандзе, адказна ставіцца да выканання сваёй частцы работы і ўвасабляць вынікі ў рэальны сектар эканомікі.