31 кастрычніка пройдзе заключны этап конкурсу энергічнасці, актыўнасці, ініцыятыўнасці. Сярод 12 лепшых студэнтаў універсітэта будзе вызначаны уладальнік звання «Студэнт года - 2018».
Нагадаем, што конкурс праходзіць у два этапы. У рамках першага - завочнага - ужо адбыўся конкурс партфоліо «Мой свет», падчас якога купалаўцы прадставілі на суд журы усе дасягненні за час вучобы, распавялі пра сябе і пафантазіравалі аб тым, што іх чакае ў будучыні. Конкурс на лепшы праект «Моладзевая ініцыятыва» раскрыў творчы і прадпрымальніцкі патэнцыял канкурсантаў: студэнты прадстаўлялі праекты, накіраваныя на рашэнне грамадскай праблемы. Яшчэ адным выпрабаваннем завочнага этапу стаў конкурс камедыйных відэаролікаў «Я - студэнт».
Падчас фіналу студэнты раскажуць усім пра свае захапленні і дасягненні ў конкурсе самапрэзентацыі «Візітная картка», прадэманструюць навыкі тэхнікі і культуры мовы, арыгінальнасць падачы інфармацыі, крэатыўнасць і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй у конкурсе аратарскага майстэрства і раскрыюць свой творчы патэнцыял у конкурсе «Беларусь - наш агульны дом». Таксама ў рамках фіналу выберуць лепшую групу падтрымкі ўніверсітэта.
У тэму:
Конкурс «Студэнт года» праводзіцца ва ўніверсітэце з 2006 года з мэтай развіцця дзелавой актыўнасці, павышэння адукацыйнага ўзроўню і развіцця сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнцкай моладзі.
За 12 гадоў у конкурсе прыняло ўдзел 150 чалавек. Штогод, з 2014 года студэнты ўніверсітэта станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года»:
2017 – Аляксандра Радковіч, філалагічны факультэт - 1 месца на Рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года – 2017»,
2016 – Вераніка Кажанеўская, педагагічны факультэт - 2 месца на Рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года - 2016»,
2015 – Анастасія Аўсейчык, факультэт мастацтваў і дызайну - 3 месца на Рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года – 2015»,
2014 – Аляксей Кутафін, ваенны факультэт - 3 месца на Рэспубліканскім конкурсе «Студэнт года-2014».