Студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» атрымалі ўнікальную магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыкаў.
Навучальныя заняткі для студэнтаў 1-3 курсаў у статусе лектараў правялі студэнты 3 курса Наталля Васілюк, Лізавета Ламаносава, Уладзіслаў Арцукевич, Кірыл Ананька, студэнты 4 курса Маргарыта Шукайла, Арцём Хвядзюк і Вольга Рудзяк. Выкладчыкі факультэта падтрымалі ініцыятыву студэнтаў, дапамаглі ім падрыхтавацца да заняткаў, а ў дзень правядзення наведалі лекцыі з рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірынай Кітурка.
Студэнт Арцём Хведюк правёў семінарскія заняткі па дысцыпліне «Гісторыя культуры Беларусі» у форме дыскусіі. Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксей Загідулін акцэнтаваў увагу на яе «адкрытым» характары па прычыне адсутнасці псіхалагічнага бар'ера паміж выкладчыкам-чацвёртакурснікам і студэнцкай групай 3 курса.
Дацэнт кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Наталля Улейчык адзначыла, што атрымала для сябе пазітыўны педагагічны вопыт, пераканалася, што параўнанне і дыскусія як формы вывучэння дысцыпліны, ужытыя Маргарытай Шукайла, цікавыя для навучэнцаў.
Прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктар гістарычных навук, прафесар Святлана Марозава звярнула ўвагу на паспяховасць ініцыятывы самакіравання, бо студэнты прадэманстравалі ўласнае бачанне сучаснага ўніверсітэцкага занятка. На яе думку, у Наталлі Васілюк гэта добра атрымалася: лагічная падача матэрыялу, выдатная эрудыцыя, змястоўная прэзентацыя, відэасюжэты. А галоўнае, яна не задавала слухачам шмат пытанняў, правакавала іх на дыскусію. Сама студэнтка падзялілася ўражаннямі: «Гэта быў мой першы вопыт, але я ні на хвіліну не шкадую аб тым, што пабыла ў ролі педагога. Успомнілася ўсё: лекцыі па педагогіцы, парады настаўнікаў у школе ... Мне спадабалася. Я зразумела, што праца выкладчыка нялёгкая. Дзякуй рабятам за разуменне».