Выстава прафарыентацыйнай, іміджавай прадукцыі і масмедыя ўніверсітэтаў Гродна адбылася ў рамках спецыяльнага праекта «Універсітэцкае асяроддзе» абласнога прафсаюзнага форуму студэнцтва «Студэнцкая восень».
Інтэрактыўную прафарыентацыйную выставачную пляцоўку Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прадставілі факультэт давузаўскай падрыхтоўкі, прафсаюзны камітэт студэнтаў, факультэты ўніверсітэта. Выставу наведалі навучэнцы 8-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
На працягу ўсяго мерапрыемства прадстаўнікі рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі актыўна праводзілі даведачна-інфармацыйныя кансультацыі для будучых абітурыентаў, іх бацькоў і педагогаў аб асаблівасцях паступлення ў наш універсітэт, магчымасцях давузаўскай падрыхтоўкі. Актывісты прафкама студэнтаў захоплена расказвалі пра вучобу, адказвалі на пытанні школьнікаў. Студэнты юрыдычнага факультэта прапанавалі школьнікам паспрабаваць сябе ў ролі экспертаў-крыміналістаў - кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у складанні фотаробата і ўбачыць, як здымаюцца адбіткі пальцаў. Будучыя педагогі - студэнты педагагічнага факультэта - правялі майстар-клас па дзіцячай творчасці. Сваімі яркімі ўражаннямі і эмоцыямі школьнікі дзяліліся з прадстаўнікамі Студэнцкага медыяцэнтра.
Таксама будучыя абітурыенты актыўна ўдзельнічалі ў прафарыентацыйным трэнінгу, прапанаваным педагогамі-псіхолагамі рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі.
–Сёння маладым людзям у гульнявой форме было прапанавана выбраць сферу працы, у рамках якой яны хацелі б вучыцца, працаваць, развівацца і ўдасканальвацца ў далейшым прафесійным жыцці. Гэта дапамагае старшакласнікам зрабіць свядомы падыход да выбару прафесіі, уласнаму прафесійна-асобаснаму развіццю, выяўленню і рэалізацыі сваіх магчымасцяў, што з'яўляецца залогам іх паспяховай будучыні, - адзначыла начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі моладзі Аксана Валюк.