Моладзевыя паслы Мэтаў устойлівага развіцця ў Беларусі былі прадстаўлены сёння, 24 студзеня, падчас першага Нацыянальнага форуму па ўстойліваму развіццю.
Дыпломы ім уручылі нацыянальны каардынатар па дасягненню МУР, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна і міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Студэнты ВНУ з усёй краіны яшчэ ў снежні мінулага года выбіралі для сябе адну з 17 Мэтаў устойлівага развіцця, паслом якой хацелі б стаць. Затым да 15 студзеня 2019 года яны адсылалі па электроннай пошце ў арганізацыйны камітэт план дзеянняў (у выглядзе праекта, праграмы і г.д.), накіраваны на дасягненне абранай МУР, з абавязковым указаннем чаканых вынікаў і сацыяльнага эфекту, перспектыў далейшага развіцця.
Экспертная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Праграмы развіцця ААН, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, ацанілі прапанаваныя праекты і праграмы фіналістаў.
ГрДУ імя Янкі Купалы ў конкурсе прадстаўлялі студэнтка факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Кацярына Дарашэнка і студэнт факультэта біялогіі і экалогіі Арцём Далгоўскі. Купалаўцы прэзентавалі свае ідэі ў катэгорыі «Адказнае спажыванне і вытворчасць».
Праект Кацярыны «Будзем так» накіраваны на экалагічную асвету студэнцкай моладзі і фарміраванне экалагічнай культуры спажывання праз пераасэнсаванне сваіх бытавых звычак. Дзяўчына распрацавала рэкламную кампанію, якая заклікае ўсіх задумацца аб экалагічных праблемах. Па выніках фіналу праект Кацярыны Дарашэнка стаў адным з лепшых.
Арцём Далгоўскі зацікаўлены ў будаўніцтве новага грамадства, нацэленага на ахову прыроды, яе багаццяў і развіццё грамадства з мінімальным экалагічным следам. Ён адзначае, што пакаленне, выгадаванае ў такім ключы, будзе адказна падыходзіць да спажывання і вытворчасці, будзе гадаваць на тых жа прынцыпах і сваіх дзяцей. Арцём лічыць неабходным актыўны ўдзел падрастаючага пакалення ў адказным спажыванні, іх беражлівыя адносіны да рэсурсаў, удзел у сартаванні смецця, удзел у інфармаванні сваіх знаёмых і родных і ўдзел у прыродаахоўнай дзейнасці ў цэлым.
Па выніках конкурсу былі абраныя 17 лепшых планаў дзеянняў, а іх аўтары сталі моладзевымі пасламі МУР ў Беларусі.
Акрамя таго, у Мінску ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу коміксаў "Супергероі для супермэтаў", накіраванага на павышэнне дасведчанасці моладзі аб Мэтах устойлівага развіцця і ўцягванне маладых людзей у працу па іх папулярызацыі. На конкурс было прадстаўлена больш за 500 прац - ілюстраваных гісторый па тэматыцы МУР. У ліку ўзнагароджаных - студэнт факультэта мастацтваў і дызайну Максім Марозаў.
У тэму: Конкурс «Моладзевыя паслы Мэтаў устойлівага развіцця - будучыня планеты ў нашых руках» быў абвешчаны з мэтай папулярызацыі Мэтаў устойлівага развіцця сярод моладзі, інфармавання яе пра механізмы дасягнення паказчыкаў устойлівага развіцця на лакальным і нацыянальным узроўнях, набыцця маладымі людзьмі ведаў і прафесійных кампетэнцый XXI стагоддзя, асваення ідэй і прынцыпаў устойлівага развіцця.
Улас. інф. і па матэрыялах БЕЛТА