У падобным фармаце сустрэча рэктара ўніверсітэта са старастамі прайшла ўпершыню. На працягу двзюх гадзін студэнты са шчырай цікавасцю задавалі пытанні, на якія атрымалі вычарпальныя адказы.
У вялікай вучэбнай аўдыторыі галоўнага корпуса ўніверсітэта амаль не засталося свабодных месцаў - больш за трыста старастаў навучальных груп ГрДУ імя Янкі Купалы сабраліся разам, каб задаць рэктару ўніверсітэта Ірыне Кітурка пытанні і агучыць хвалюючыя студэнтаў праблемы. Размова атрымалася адкрытай і разнапланавай.
Адкрываючы мерапрыемства, Ірына Фёдараўна падзякавала ўсім рабятам за актыўную і плённую працу, якую яны праводзяць у сваіх групах і на факультэтах.
Перш чым перайсці да пытанняў, рэктар універсітэта Ірына Кітурка распавяла, што у 2018 годзе калектыў універсітэта дамогся вялікіх вынікаў, многія падзеі адбыліся ўпершыню. Прайшла сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Па выніках сустрэчы прынята рашэнне аб завяршэнні будаўніцтва новага інтэрната блокавага тыпу на 1030 месцаў, якое будзе адкрыта ў 2020 навучальным годзе. У 2018 годзе быў адкрыты новы будынак Навукова-тэхналагічнага парку, закладзеная Алея выпускнікоў універсітэта, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўпершыню названы ўніверсітэтам года, а таксама знаходзіцца ў тройцы лідэраў сярод беларускіх універсітэтаў у шматлікіх міжнародных рэйтынгах.
– Такіх вышынь нам дазваляе дамагчыся пачуццё яднання. Мы з вамі - гэта адна вялікая і дружная купалаўская сям'я. Кожнае пытанне, якое хвалюе студэнта, хвалюе рэктара, - адзначыла Ірына Кітурка і запрасіла да актыўнага дыялогу студэнтаў.
Падчас сустрэчы былі закрануты розныя тэмы. Студэнтаў хвалявалі пытанні будучага размеркавання і працаўладкавання, арганізацыі навучальнага працэсу і грамадскага харчавання, а таксама будаўніцтва новага інтэрната.
Так, студэнтка факультэта матэматыкі і інфарматыкі пацікавілася, ці ёсць магчымасць паменшыць колькасць заняткаў для тых студэнтаў, якія працуюць па спецыяльнасці і аформілі індывідуальны план навучання на семестр. На што Ірына Фёдараўна адказала: магчымасць складання індывідуальнага плана для студэнтаў, якія працуюць у аб'ёме 25% ад агульнай колькасці заняткаў - гэта праграма ў рамках практыкаарыентаванай адукацыі, якая сама па сабе ўжо з'яўляецца прывілеем і магчымасцю, якую прадастаўляе ўніверсітэт для сумяшчэння навучання і працы па спецыяльнасці.
Прагучала пытанне аб абмене студэнтамі не толькі па праграме Erasmus +, але і ўнутры краіны і ў рамках Саюзнай дзяржавы. Рэктар распавяла студэнтам, што цяпер гэтае пытанне актыўна прапрацоўваецца ў Міністэрстве адукацыі і плануецца, што ў найбліжэйшай будучыні такая магчымасць з'явіцца ў рамках рэалізацыі праекта сеткавай падрыхтоўкі. Першыя крокі на шляху да такой праграмы ўжо робяцца. Напрыклад, у ГрДУ імя Янкі Купалы ўжо атрымліваюць адукацыю студэнты з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці "Эканамічнае права" ў сеткавай форме.
Не засталося па-за ўвагай і пытанне арганізацыі грамадскага харчавання. Старасты цікавіліся, калі адкрыецца новая сталовая ў корпусе па вуліцы Захарава. Ірына Фёдараўна адзначыла, што адкрыццё сталовай адбудзецца зусім хутка - у пачатку сакавіка 2019 года. Сталовая абсталявана пандусам, унутры - сучасны рамонт.
У межах сустрэчы абмяркоўваўся ўдзел купалаўцаў ва II Еўрапейскіх гульнях у ролі валанцёраў. Старасты старэйшых курсаў агучылі актуальнае для ўсіх выпускнікоў пытанне размеркавання і наступнага працаўладкавання. Варта адзначыць, што на сённяшні дзень у ГрДУ імя Янкі Купалы ўсе студэнты бюджэтнай формы навучання атрымліваюць размеркаванне дзякуючы актыўным узаемаадносінам з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў і запатрабаванасці спецыялістаў, падрыхтаваных у ГрДУ імя Янкі Купалы, на рынку працы. Рэктар заклікала ўсіх студэнтаў не адкладаць працэс размеркавання, а браць яго ў свае рукі: кожны выпускнік можа прайсці пераддыпломную практыку ў абранай ім арганізацыі, атрымаць заяўку і размеркавацца.
Падымаліся пытанні складання электроннага раскладу, напаўнення рэйтынгу студэнтаў, забяспечанасці новымі падручнікамі па некаторых спецыяльнасцях. Ірына Фёдараўна адзначыла, што адукацыйны партал універсітэта прадастаўляе ўсе магчымасці для таго, каб аператыўна адлюстроўваць там актуальную і неабходную студэнтам інфармацыю.
– На сённяшні дзень ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для таго, каб раскрыць вашыя таленты. Атрымліваючы адукацыю, сёння можна і зарабляць грошы. Дапамажыце нам выявіць і рэалізаваць ваш патэнцыял! - адзначыла Ірына Кітурка і падкрэсліла, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы актыўна рэалізуецца канцэпцыя Універсітэт 3.0, створаны Навукова-тэхналагічны парк.
Рэктар таксама распавяла, што запланаваныя мерапрыемствы фармату «аб бізнэсе з вуснаў бізнэсмэнаў», у рамках якіх паспяховыя прадпрымальнікі і бізнесмены падзеляцца сваім вопытам са студэнтамі.
Ірына Фёдараўна заклікала рабят актыўна карыстацца тымі магчымасцямі, якія ім дае ўніверсітэт. Прыняць актыўны ўдзел у конкурсе стартапаў «ИнНаСтарт», які ўпершыню прайшоў у 2018 годзе і ўжо стартаваў другі раз. Дарэчы, пераможцы 2019 года атрымаюць магчымасць рэалізаваць свае праекты ў Навукова-тэхналагічным парку ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе ёсць магчымасць атрымаць кансультацыю куратараў праекта, папрацаваць з новым лабараторным абсталяваннем.
Ірына Фёдараўна таксама адзначыла, што для падтрымкі таленавітых і адораных быў створаны фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі для ўдзелу студэнтаў у міжнародных алімпіядах, прэстыжных канферэнцыях і конкурсах, заахвочвання пераможцаў.
На заканчэнне сустрэчы студэнтаў чакала прыемная навіна: рэктар паведаміла хлопцам пра рашэнні павысіць штомесячную надбаўку да стыпендыі для стараст бюджэтнай формы навучання і налічыць прэмію студэнтам-старастам платнай формы навучання.
– І заўсёды памятайце, што неад'емнай часткай дрэс-кода студэнта-купалаўца з'яўляецца ўсмешка. Усё ў вашых руках! - падагульніла Ірына Кітурка.