Універсітэт у Беластоку наведалі прадстаўнікі фізіка-тэхнічнага факультэта, а Варшаўскі ўніверсітэт - студэнты і супрацоўнікі філалагічнага факультэта.
21 студэнт і магістрант фізіка-тэхнічнага факультэта наведалі факультэт фізікі Універсітэта ў Беластоку. Візіт адбыўся ў пачатку красавіка па запрашэнні Універсітэта ў Беластоку. У ходзе візіту студэнты азнаёміліся з інфраструктурай універсітэта і факультэта фізікі, пабывалі ў навуковых і навучальных лабараторыях, даведаліся аб напрамках навуковай працы. Акрамя таго, студэнты-купалаўцы змаглі атрымаць навуковыя кансультацыі па тэматыцы сваіх курсавых і дыпломных работ, а таксама выканалі шэраг лабараторных работ на базе сучаснага абсталявання.
Візіт студэнтаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія» адбыўся з 8 па 12 красавіка ў рамках праграмы вучэбна-культурнага абмену з Варшаўскім універсітэтам, кафедры беларусістыкі. Падчас візіту купалаўцы наведалі лекцыі польскіх навукоўцаў, прынялі ўдзел у дыялогу з польскімі студэнтамі спецыяльнасці «Беларуская мова з рускай і англійскай мовай навучання». А дацэнты кафедры беларускай філалогіі Таццяна Аляшкевіч і Аліна Сабуць прачыталі літаратуразнаўчыя лекцыі для польскіх студэнтаў і прэзентавалі польскім калегам літаратурны альманах "На Нёманскай хвалі" і анталогію польска-беларускай паэзіі з аўтарскімі публікацыямі.
Акрамя таго, для гасцей з Беларусі была арганізавана экскурсія па знакавых культурна-гістарычных мясцінах Польшчы.