Выстава праходзіць з 2 па 4 мая ў Мінску. Купалаўцы прэзентуюць праекты «МедыяГід», «Зачетный Кадр», «Летняя школа медыяадукаванасці» і газету «Гродзенскі ўніверсітэт».
Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы прэзентуюць удзельнікам і гасцям выставы праект па развіцці медыяадукаванасці вучнёўскай моладзі Гродзеншчыны «МедыяГід» накіраваны на фарміраванне культуры спажывання інфармацыі, бяспечных і адказных паводзінаў у медыяпрасторы. Праект прадугледжвае паэтапную працу па выхаванню медыяадукаванасці розных узроставых катэгорый: выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі, навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнтаў універсітэтаў.
Купалаўцы таксама прадстаўляюць відэапраект «Зачетный кадр» - гэта тэлепраграма пра людзей, якія славяць наш рэгіён. Праграма ўключае інтэрв'ю ў студыі з госцем і бліц-апытанне. «Зачетный кадр» не толькі распавядае пра дасягненні, таленты людзей, але і стварае партрэт чалавека ў цэлым.
Яшчэ адным праектам, прадстаўленым на выставе, стала летняя школа медыяадукаванасці «МедыяГід» - адукацыйны курс, які накіраваны на тое, каб пазнаёміць падрастаючую моладзь з асновамі медыяадукаванасці і раскрыць патэнцыял удзельнікаў для далейшага атрымання вышэйшай адукацыі ў сферы медыя. Праграма Летняй школы разлічана на тры тыдні і складаецца з трох блокаў: «Тыдзень тэлебачання» - «Тыдзень прэсы» - «Тыдзень радыё». Кожны тыдзень пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, прафесійных журналістаў і студэнтаў, будучых спецыялістаў у сферы медыя, вучні Летняй школы будуць знаёміцца з сістэмай і асаблівасцямі функцыянавання друкаваных і аўдыёвізуальных СМІ горада і рэспублікі, вывучаць тэхналогіі вытворчасці ў розных тыпах медыя, спрабаваць свае сілы ў стварэнні медыйных матэрыялаў у розных жанрах (нататка, рэпартаж, інтэрв'ю і інш.).
На выставе таксама прадстаўлена газета ГрДУ імя Янкі Купалы «Гродзенскі ўніверсітэт», якая выходзіць з 1986 года і выходзіць на рускай і беларускай мовах, перыядычнасць - раз у месяц, наклад - 1000 асобнікаў. Газета распаўсюджваецца бясплатна сярод студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама ў чатырох каледжах, якія ўваходзяць у структуру ўніверсітэта, і ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці. Універсітэт пастаянна працуе над павелічэннем чытацкай аўдыторыі, таму з 2016 года газета распаўсюджваецца ў кафэ горада Гродна, дзе з ёй могуць азнаёміцца турысты, якія прыехалі ў Гродна ў рамках Grodno visa free.
Традыцыйна ў выставе акрамя беларускіх СМІ прымаюць удзел сродкі масавай інфармацыі Расійскай Федэрацыі, Саюзнай дзяржавы, краін СНД, Кітая, Польшчы, Літвы, Азербайджана, Украіны, Латвіі, Індыі, Германіі, Турцыі, Грузіі, іншых краін.
Выстава «СМІ ў Беларусі» прапануе медыйнай супольнасці і наведвальнікам насычаную праграму мерапрыемстваў. Яна ўключае ў сябе прэзентацыі інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесіі, майстар-класы, флэш-акцыі ды іншыя. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмяркоўваюць значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы выставы.
У рамках выставы праводзяцца цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара», пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі на лепшае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесіянальных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.
Арганізатарамі выставы выступаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РУП Нацыянальны выставачны цэнтр «Белэкспа» Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міністэрства замежных спраў, іншых органаў дзяржаўнага кіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.