Урачыстае адкрыццё ўніверсіяды адбылося 16 мая на пляцоўцы Футбольнага манежа ў Брэсце.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Сяргей Рэпкін, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк, а таксама рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі, кіраўнікі федэрацый (асацыяцый) па відах спорту, заслужаныя дзеячы фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь і вядучыя спартсмены краіны.
Па словах Міністра адукацыі, пляцоўкі для старту ўніверсіяды штогод будуць мяняцца, спаборніцтвы будуць праходзіць у абласных цэнтрах. Што датычыцца Брэста, ён абраны не выпадкова:
- Па-першае, ён першым прыняў эстафету «Полымя свету» II Еўрапейскіх гульняў. Па-другое, горад за апошнія гады змяніўся ў плане развіцця спартыўнай інфраструктуры, якой актыўна карыстаецца і студэнцкая моладзь. Акрамя таго, Брэсту ў гэтым годзе спаўняецца 1000 гадоў. Гэта наш унёсак, каб падкрэсліць значнасць юбілею не толькі для самога горада, але і для ўсёй рэспублікі, - падкрэсліў Ігар Карпенка
Рэспубліканская ўніверсіяда для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. У гэтым годзе ў ёй удзельнічаюць прадстаўнікі 51 ВНУ рэспублікі. Спаборніцтвы праводзяцца па 33 відах спорту (24 з іх - алімпійскія), летняму і зімоваму шматбор'ю. Кіраўнік ведамства адзначыў, што гэта добрая традыцыя не толькі з пункту гледжання далучэння моладзі да здаровага ладу жыцця, масаваму спорту, гэта магчымасць паказаць вынікі, звярнуць на сябе ўвагу трэнераў. Многія студэнты з'яўляюцца членамі нацыянальных каманд. Ствараюцца усе ўмовы, каб яны маглі сумяшчаць вучобу з трэніроўкамі і выступаць на высокім узроўні.
Некаторыя ўдзельнікі ўніверсіяды выступяць на II Еўрапейскіх гульнях, таксама яны рыхтуюцца да Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіо. Ігар Карпенка таксама сказаў, што ў цяперашні час абмяркоўваецца магчымасць стварэння Асацыяцыі дзіцячага спорту.
У рамках цырымоніі адкрыцця адбыўся спартыўны марш-парад удзельнікаў Рэспубліканскай універсіяды - 2019 і ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай універсіяды - 2018. Ва ўрачыстым мерапрыемстве было задзейнічана больш за 700 студэнтаў.
У завяршэнне цырымоніі ўзнагароджання Міністр адукацыі Ігар Карпенка даў старт Рэспубліканскай універсіядзе - 2019. Згодна з праграмай спартыўнага свята прадугледжана правядзенне спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы.
Паводле інфармацыі прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь