38 купалаўцаў стануць валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў на памежных пунктах пропуску Гродзенскай вобласці.
22 мая са студэнтамі сустрэўся намеснік начальніка аддзела пашпартна-візавай інфармацыі і аператыўнага кантролю Упраўлення пагранічнага кантролю Гродзенскай памежнай групы Дзмітрый Чарко. У межах сустрэчы студэнтам, якія будуць займацца пропускам удзельнікаў і заўзятараў праз дзяржаўную мяжу на пунктах пропуску Гродзенскай вобласці, распавялі пра асаблівасці іх дзейнасці.
Як адзначыў Дзмітрый Чарко, валанцёрскі рух прадугледжаны ў чатырох пунктах пропуску: Брузгі, Бераставіца і Прывалка, а таксама чыгуначны пункт пропуску ў Гродне. Усяго будзе задзейнічана 40 валанцёраў, з іх 38 - прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Іх асноўнай задачай стане аказанне дапамогі супрацоўнікам Гродзенскай памежнай групы ў афармленні дакументаў і ў зносінах з замежнікамі. Рабяты даведаліся пра правілы паводзінаў на прыгранічных зонах, а таксама абмеркавалі пытанні харчавання і праезду.
Усяго для арганізацыі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года будзе задзейнічана больш за восем тысяч валанцёраў, з іх 280 - студэнты з ГрДУ імя Янкі Купалы, якія будуць працаваць у Мінску і Гродне на фан-зонах і на памежных зонах пропуску.
Работа па падрыхтоўцы валанцёрскай каманды ў ГрДУ імя Янкі Купалы вядзецца пачынаючы з красавіка 2018 года. На базе ўніверсітэта створаны Цэнтр па падрыхтоўцы валанцёраў, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі ўніверсітэта. Агулам падрыхтоўка валанцёраў вядзецца па 20 напрамках. Рабяты будуць працаваць на пунктах акрэдытацыі, пратакола, медыцынскага абслугоўвання, дапамагаць у працы са СМІ і на пунктах прыбыцця. Сярод функцыянальных напрамкаў таксама лінгвістычныя паслугі, тэхнічная падтрымка і многае іншае.