Удзельнікамі аздараўленчага лагера «Настаўнік NEXT» сталі 35 школьнікаў сярэдніх школ №7 г. Ваўкавыска і № 39 г. Гродна.
На працягу дзевяці дзён, з 8 па 16 ліпеня, профільны аздараўленчы лагер будзе працаваць на базе педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы. У рамках лагера пройдуць трэнінгі «Мая будучая прафесія», «Інавацыйная стратэгія развіцця асобы: праз самакіраванне да канкурэнтаздольнасці», майстар-класы «Крушэнне ілюзій» (IТ-тэхналогіі), «Колер настрою», ток-шоў «Настаўнік - гэта гучыць горда?», лекцыя-гутарка «Роля педагога ў сучасным грамадстве», круглы стол «Настаўнік NEXT»: здабыткі і перспектывы». Гэтыя і іншыя мерапрыемствы пазнаёмяць дзяцей з прафесіяй педагога.
Акрамя таго, праграма работы лагера прадугледжвае знаёмства з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і педагагічным факультэтам, навуковай бібліятэкай, наведванне прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы, сустрэчы з дэканамі факультэтаў універсітэта, прадстаўнікамі грамадскіх моладзевых арганізацый.
Дзецям будзе прадастаўлена магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальных спаборніцтвах: гульні «Навуковая бібліятэка - крыніца ведаў!», конкурсах «Самы разумны», «Да абароны Айчыны гатовы!», «Самы вясёлы і знаходлівы». Запланаваны таксама і актыўны адпачынак: наведванне боўлінг-клуба «Галактыка», турнір па плаванні «Алімпійскія старты».
У вольны час школьнікі наведаюць Гродзенскі драмтэатр, музей Максіма Багдановіча, музей МНС, Каложскую царкву, Аўгустоўскі канал, СШ № 39 г. Гродна. Будуць арганізаваны таксама прагулкі па вячэрнім Гродна.
Варта адзначыць, што «Настаўнік Next» - першы ў краіне профільны аздараўленчы лагер, ініцыятарамі якога з'яўляюцца аддзел адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага райвыканкама і педагагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Упершыню лагер пачаў працу пяць гадоў таму і выклікаў вялікую цікавасць з боку школьнікаў, якія хочуць звязаць сваё жыццё з прафесіяй педагога.
Па словах аднаго з каардынатараў праекта, дацэнта кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Алены Лапкоўскаў, «Настаўнік Next» не толькі дапамагае дзецям з карысцю правесці вольны час у час летніх канікул, але і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Многія ўдзельнікі лагера мінулых гадоў сёння навучаюцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы на спецыяльнасцях педагагічнага профілю розных факультэтаў. «Знаходзячыся ў лагеры, школьнікі больш дэталёва знаёмяцца з прафесіяй педагога і больш свядома робяць прафесійны выбар», - падкрэсліла Алена Лапкоўская.