Самы высокі прахадны бал у гэтым годзе на філалагічным факультэце на спецыяльнасці "Рамана-германская філалогія (англійская)". Ён склаў 328 балаў.
64 абітурыента з балам 315 і вышэй сталі першакурснікамі філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта бюджэтнай формы навучання.
Студэнт-першакурснік філалагічнага факультэта - гэта ў будучыні лінгвіст, выкладчык некалькіх замежных моў, перакладчык, філолаг, спецыяліст у галіне рускай і беларускай філалогіі, дзелавой камунікацыі, літаратурна-рэдакцыйны супрацоўнік. Сёння грамадства ўскладае вялікія надзеі менавіта на філолагаў, лінгвістаў. Гэта звязана з патрэбамі ў спецыялістах, якія валодаюць на прафесійным узроўні рознымі мовамі. Прэстыж і запатрабаванасць філалагічнай адукацыі расце ва ўсім свеце. Па вялікім рахунку, лінгвіст, філолаг - гэта не толькі высокаадукаваная, усебакова і гарманічна развітая асоба, гэта яшчэ і чалавек, у руках якога знаходзіцца будучыня нашай нацыі, будучыня нашых дзяцей і ўнукаў. Выбар абітурыентамі спецыяльнасцяў філалагічнага профілю - гэта заўсёды свядомы і матываваны выбар, пра што сведчаць прахадныя балы, якія растуць з года ў год. Так, у гэтым годзе на бюджэтную форму атрымання адукацыі было залічана 64 абітурыента з балам 315 і вышэй, а самы высокі бал у Дар'і Гардзейчык - 365 і Дар'і Барэйша - 363. Абедзве дзяўчыны аддалі перавагу спецыяльнасці "Сучасныя замежныя мовы". Анастасія Новік з балам 356 і Кацярына Беняш з балам 353 выбралі спецыяльнасць "Рамана-германская філалогія (англійская)". Менавіта на гэтай спецыяльнасці склаўся самы высокі прахадны бал - 328. Свайго роду навінай на філалагічным факультэце ў гэтым годзе з'явіўся набор на спецыяльнасць "Рамана-германская філалогія (нямецкая) (на базе ангельскай)" з прахадным балам 323. На спецыяльнасці рамана-германскага профілю ўсяго было пададзена 135 заяў, сярод якіх 15 заяў ад абітурыентаў, якія маюць залаты медаль або дыплом з адзнакай.
Выраслі прахадныя балы і на спецыяльнасці "Руская філалогія" і "Беларуская філалогія". Больш за тое, гэтыя спецыяльнасці ўсё часцей сталі выбіраць выпускнікі педагагічных класаў, якія зрабілі свой выбар яшчэ ў школе, а таксама абітурыенты, якія маюць залатыя і сярэбраныя медалі. Такіх у 2019 годзе 11 чалавек.
– Мы ўпэўненыя, што наш факультэт папоўніўся студэнтамі, якія праславяць наш універсітэт, як гэта зрабіла студэнтка спецыяльнасці "Беларуская філалогія" Радковіч Аляксандра, якая стала Студэнткай года Рэспублікі Беларусь у 2018 годзе. Тытул "Міс топ-мадэль Еўропы" ў 2018 годзе заваявала выпускніца спецыяльнасці "Сучасныя замежныя мовы", выкладчык англійскай мовы ў СШ №39 г. Гродна, Маргарыта Мартынава. Пералік дасягненняў выпускнікоў філалагічнага факультэта можа быць бясконцым. Цяперашнім першакурснікам ёсць на каго раўняцца, і мы ўпэўненыя, што новае пакаленне студэнтаў годна працягне слаўную гісторыю аднаго з найстарэйшых факультэтаў нашага ўніверсітэта, якому без малога 80 гадоў, - адзначыла дэкан філалагічнага факультэта Іна Лісоўская.