Падаць заяўкі для ўдзелу ў конкурсе энергічнасці, актыўнасці, ініцыятыўнасці можна да 20 верасня. Фінальны этап конкурсу, у рамках якога стане вядомае імя пераможцы, адбудзецца 17 кастрычніка.
Па традыцыі, купалаўцам трэба прайсці завочны і вочны этапы конкурсу. Збіраць партфоліа «Мой свет», распрацаваць праект «Моладзевая ініцыятыва» і зняць камедыйны відэаролік «Я - студэнт» прэтэндэнтам на званне лепшага студэнта неабходна ў рамках першага, завочнага этапу.
Падчас фіналу купалаўцы раскажуць журы і гледачам пра свае захапленні і дасягненні ў конкурсе самапрэзентацыі «Візітная картка». Прадэманстраваць навыкі тэхнікі і культуры мовы, арыгінальнасць падачы інфармацыі, крэатыўнасць і ўменне кантактаваць з аўдыторыяй удзельнікі змогуць у конкурсе аратарскага майстэрства, а раскрываць на сцэне свой творчы патэнцыял студэнты будуць у конкурсе "Беларусь - наш агульны дом". Таксама ў рамках фіналу выберуць лепшую групу падтрымкі ўніверсітэта.
Стаць удзельнікам конкурсу могуць студэнты 2-4 курсаў (акрамя выпускных) з сярэднім балам не менш як 8,0. Прэтэндэнт на званне пераможцы павінен мець дасягненні ў навукова-даследчай, грамадскай дзейнасці, спартыўным, культурным жыцці, творчасці. Варта адзначыць, што ўдзельнік не можа быць пераможцам папярэдніх конкурсаў «Студэнт года». Вынікі конкурсу будуць падведзены па выніках сумы балаў за ўсе этапы конкурсу.
Заяўку на удзел ў конкурсе неабходна падаць да 20 верасня па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 224. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць ва ўпраўленні выхаваўчай працы з моладдзю па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, аўд. 224, па тэлефоне 73 19 86 (Іна Вячаславаўна Астроўская) або па e-mail uvr@grsu.by.