Спартыўныя мерапрыемствы стартавалі ў Купалаўскім універсітэце 27 верасня і завершацца 5 кастрычніка.
Першым спартыўным мерапрыемствам, якое прайшло 27 верасня, стаў Турнір па міні-футболе, прысвечаны Дню Незалежнасці Туркменістана. Удзел у спаборніцтвах прынялі замежныя студэнты, магістранты і аспіранты. Па выніках турніру золата заваявала каманда «Ашхабад», на другім месцы - каманда іракскіх студэнтаў «Ірак», трэцюю прыступку п'едэстала заняла каманда «Гарашсызлык». Акрамя таго, лепшыя гульцы былі названыя і ў асобных намінацыях. Лепшым нападаючым стаў студэнт 3 курса факультэта фізічнай культуры Мухамедаў Азат, лепшым абаронцам прызнаны аспірант факультэта фізічнай культуры Альбаркайі Дхульфікар Азіз Халвас. У намінацыі «Лепшы варатар» узнагароджаны студэнт 2 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гачмырадаў Рахмет.
Яшчэ адным мерапрыемствам Тыдня спорту і здароўя стала здача нарматываў Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь 1 і 3 кастрычніка. Супрацоўнікі і студэнты выконвалі нарматывы па нахіле наперад, скачках у даўжыню з месца, бегу 30м і бегу 6 мін. Сярод практыкаванняў - падыманне тулава са становішча лежачы на спіне 60 секунд для жанчын, падцягванне на высокай перакладзіне для мужчын, чаўночны бег 4х9, а таксама бег 1500 м для жанчын і 3000 м для мужчын.
Сёння, 3 кастрычніка, завяршаюцца спаборніцтвы і па міні-футболе сярод каманд факультэтаў у рамках Спартакіяды ГрДУ імя Янкі Купалы. У матчы за 3 месца сустрэнуцца юрыдычны факультэт і факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму. Золата разыграюць каманды факультэта эканомікі і кіравання і інжынерна-будаўнічага факультэта.
Фінальным ў спартыўным марафоне стане агульнаўніверсітэцкі лёгкаатлетычны крос 5 кастрычніка, пасля якога будуць падведзены вынікі Тыдня спорту і здароўя. У гэты дзень таксама назавуць пераможцаў спартыўнай часткі спартыўна-мастацкага фестывалю «Купалаўскі старт».