Мерапрыемства адбудзецца 17 кастрычніка на факультэце эканомікі і кіравання.
Удзельнікамі круглага стала стануць прадстаўнікі вядучых беларускіх універсітэтаў і навуковых арганізацый, у тым ліку Акадэміі Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытута эканомікі НАН Беларусі, Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі. Сярод удзельнікаў - міжнародныя партнёры з Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва (Рэспубліка Казахстан), Гданьскага ўніверсітэта (Рэспубліка Польшча), Расійскага ўніверсітэта транспарту (Расійская Федэрацыя). У працы круглага стала прымуць удзел члены Каардынацыйнага савета па падрыхтоўцы кадраў факультэта эканомікі і кіравання, а таксама прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі.
Навукоўцы і практыкі з 9 краін, якія супрацоўнічаюць з факультэтам эканомікі і кіравання ў падрыхтоўцы эканамічных кадраў і рэалізацыі сумесных навуковых даследаванняў, абмяркуюць, як павінна выглядаць інфраструктура лічбавага супрацоўніцтва будучыні ў Еўразіі, якія выклікі стаяць перад Беларуссю і краінамі-удзельніцамі ЕАЭС ў сувязі з цыфравізацыяй міжнароднага гандлю з краінамі-членамі Еўрапейскага Саюза, а таксама, якія інструменты дазваляюць прыцягваць замежныя інвестыцыі ў стагоддзе лічбавай эканомікі.
У рамках круглага стала будуць абмеркаваны прыярытэты развіцця цыфравізацыі бізнес-працэсаў, вопыт міжнароднай інтэграцыі і гарманізацыі лічбавых рынкаў, рэалізацыя лічбавых ініцыятыў ва ўніверсітэтах, асноўныя падыходы да гарманізацыі заканадаўства Беларусі ў сувязі з уваходжаннем у СГА. У ліку тэм сустрэчы - развіццё зялёнай эканомікі і лічбавых рынкаў краін ЕАЭС і ЕС, а таксама вопыт лепшых практык менеджменту і маркетынгу.
Акрамя таго, падчас форуму будуць арганізаваны відэамасты са Статыстычным кіраваннем у Беластоку і Чарнавіцкім нацыянальным універсітэтам імя Юрыя Фядзьковіча.
Як распавяла дацэнт кафедры фінансаў і бухгалтарскага ўліку факультэта эканомікі і кіравання Святлана Вітун, выяўленне бар'ераў, якія перашкаджаюць развіццю лічбавай трансфармацыі, даследаванне стратэгій і прыярытэтаў Еўразійскай інтэграцыйнай прасторы, становіцца ў гэтым годзе галоўнай тэмай канферэнцыі, якую арганізаваў факультэт эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.