Дакумент стаў афіцыйным пацвярджэннем даўняга супрацоўніцтва паміж установамі.
Факультэт псіхалогіі ўзаемадзейнічае з Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па розных напрамках. Гэта метадычнае забеспячэнне псіхалагічнай працы з вязнямі, арганізацыя дзейнасці псіхалагічных лабараторый Дэпартамента, навучанне супрацоўнікаў эфектыўнай прафесійнай камунікацыі і бесканфліктным паводзінам, а таксама сучасным стратэгіям работы ў крызісных сітуацыях.
У сваю чаргу, выкладчыкі факультэта псіхалогіі маюць магчымасць правядзення навуковых даследаванняў з мэтай атрымання эксклюзіўных эмпірычных дадзеных у крымінальнай, юрыдычнай і крызіснай псіхалогіі. Студэнты факультэта наведваюць месцы зняволення ў рамках выхаваўчай і ідэалагічнай працы і праходжання практыкі.
У бліжэйшы час факультэт псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы і псіхалагічная служба Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці плануюць павялічыць колькасць сумесных мерапрыемстваў. Пройдзе шэраг навукова-метадычных семінараў, у час якіх будуць закрануты праблемы эмацыйнага выгарання асобы ў прафесійнай дзейнасці, паводзін у канфліктных і крызісных сітуацыях, пытанні, звязаныя з прафілактыкай суіцыдальных паводзін асобы і псіхалагічнымі аспектамі дапамогі людзям з алкагольнай залежнасцю. Акрамя таго, удзельнікі семінараў абмяркуюць павышэнне жыццястойкасці работнікаў сферы дзейнасці «чалавек-чалавек», стварэнне методык па вывучэнню асобы ў сітуацыі ізаляцыі, заключэння або крызісу і забеспячэнне ўмоў эфектыўнага функцыянавання псіхадыягнастычных лабараторый.
Заключаны дагавор павінен не толькі павысіць эфектыўнасць дзейнасці псіхалагічнай і выхаваўча-ідэалагічнай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці, але і палепшыць якасць практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў на факультэце псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы.