У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, гродзенскія школьнікі і сталічныя валанцёры.
Фестываль кітайскай культуры доўжыўся на працягу двух дзён. У рамках свята студэнты-лінгвісты правялі віктарыну пра гісторыю і культуру Кітая, падрыхтавалі прэзентацыю аб кітайскім жывапісу і традыцыйных рамёствах, правялі конкурс на расшыфроўку кітайскіх фразеалагізмаў і фанетычны батл. На фестывалі гучалі меладычныя кітайскія песні і дэкламаваліся вершы, у тым ліку і верш А.С.Пушкіна «Я Вас кахаў» у перакладзе на кітайскую мову.
У праграме свята таксама былі шматлікія майстар-класы па кітайскай каліграфіі і мастацкаму выразанню з паперы. Усе жадаючыя змаглі прыняць удзел у цырымоніі кітайскага чаявання і дэгустацыі страў кітайскай кухні, якія былі прыгатаваныя валанцёрамі і студэнтамі. Найбольш актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемстваў свята прынялі студэнты 1 і 2 курсаў спецыяльнасці «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый», якія вывучаюць кітайскую як першую замежную мову спецыяльнасці. Падрыхтаваць насычаную і цікавую праграму фестывалю ім актыўна дапамагалі валанцёры з Мінска, якія прадставілі некалькі канцэртных нумароў, у тым ліку мастацкае чытанне кітайскай паэзіі, выкананне сучасных кітайскіх песень, а таксама музычнага твора на кітайскай флейце.
Паўдзельнічаць у фестывалі змаглі ўсе, хто цікавіцца кітайскай культурай. Прысутнічалі студэнты розных факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта, а таксама вучні і кіраўніцтва сярэдняй школы №38 горада Гродна, на базе якой створаны філіял кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі ГрДУ імя Янкі Купалы. Мэта фестывалю кітайскай культуры, які быў праведзены па ініцыятыве вучэбна-метадычнага кабінета «Кабінет Канфуцыя» і кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, - паспрыяць павышэнню матывацыі студэнтаў і школьнікаў да вывучэння кітайскай мовы і культуры, развіццю ў іх камунікатыўных, міжкультурных і прафесійных кампетэнцый.