У рамках акцыі купалаўцы і ўсе жадаючыя маглі павіншаваць Купалаўскі ўніверсітэт з надыходзячым 80-годдзем.
У холе галоўнага корпуса ўніверсітэта валанцёры грамадзянска-патрыятычнага праекта «Жывая гісторыя» прапаноўвалі студэнтам і супрацоўнікам прайсці своеасаблівы экзамен - выцягнуць білет і адказаць на пытанне пра гісторыю сваёй Alma Mater - і, у выпадку правільнага адказу, атрымаць падарунак ад арганізатараў акцыі. «Калі была адкрыта Плошча ўніверсітэцкага сцяга?», «У якім годзе на пасаду рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы была прызначана Ірына Фёдараўна Кітурка?», «Якая расліна ўпрыгожвае фасад навучальнага корпуса па вуліцы Ажэшкі і з'яўляецца візітнай карткай універсітэта?» - пытанні на віктарыне «Здай экзамен на выдатна» гучалі самыя розныя. І калі купалаўцам старэйшых курсаў яны здаваліся зусім лёгкімі, то студэнтаў-першакурснікаў прымушалі трохі задумацца.
Тым часам акцыя працягвалася і на вуліцы каля корпуса ўніверсітэта па вуліцы Ажэшкі - тут у выпадковых прахожых і ўсіх жадаючых была магчымасць павіншаваць з юбілейнай датай найстарэйшы ўніверсітэт Гродна і вобласці. За прыемныя пажаданні ў адрас універсітэта ўдзельнікі акцыі таксама атрымлівалі прыемныя сувеніры на памяць.